75 гадоў з дня вызвалення Беларусі. Ордэн Аляксандра Неўскага

Вялікай Перамозе - 76 Новости
У Браслаўскім раённым аб’яднанні музеяў тэма Вялікай Айчыннай вайны адна з асноўных. Для яе асвятлення выдзелены выставачны пакой, дзе можна пазнаёміцца з экспанатамі, што распавядаюць пра ваенныя падзеі. У рамках святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў мы разам з супрацоўнікамі музея будзем расказваць пра ўзнагароды і людзей, якія здабывалі перамогу.

Асабліва каштоўнымі сярод гэтых экспанатаў з’яўляюцца баявыя ўзнагароды. Якім чынам яны трапілі ў музей? Па-рознаму: прыносілі самі ўладальнікі ці дзеці перадавалі ў дар. Так у Браслаўскім музеі з’явіўся ордэн Аляксандра Неўскага і нават фотаальбом, а таксама некаторыя асабістыя дакументы франтавіка Фёдара Сяргеевіча Селюкова. Ён удзельнік штурму Берліна, прайшоў дарогамі вайны ад пачатку да канца, быў паранены, кантужаны… Родам з Магілёўшчыны, Ф. Селюкоў да вайны працаваў тэхнікам-механікам аэрадрома, а ваяваў у складзе артпалка 330 стралковай дывізіі, быў намеснікам камандзіра батарэі, начальнікам штаба і камандзірам дывізіёна, старшым памочнікам начальніка разведкі.

Ордэн Аляксандра Неўскага ўручаўся каманднаму саставу Чырвонай арміі за асабістую адвагу, мужнасць, храбрасць і ўмелае камандаванне, якое забяспечвала паспяховыя дзеянні падначаленых часцей, за дасягнутыя поспехі ў баях за Радзіму. Цікава, што за час вайны за подзвігі і заслугі ім былі ўзнагароджаны больш за 40 тысяч чалавек.

Узнагароду ў дар музею перадаў сын Фёдара Селюкова, які пэўны час жыў на Браслаўшчыне. Аднак гэта не адзіная ўзнагарода франтавіка. Ён быў адзначаны ордэнамі Айчыннай вайны 1 і 2 ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі «За баявыя заслугі», «За абарону Масквы», «За перамогу над Германіяй», «За ўзяцце Кёнігсберга» і інш. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.