Уладзімір Юхневіч робіць сваю справу на выдатна

Люди
Работа аператара зернесушыльнага комплексу КУСП «Відзаўскі» Уладзіміра Юхневіча неабходная і адказная: сабранае зерне трэба прасушыць для далейшага выкарыстання. Ад якаснага выканання гэтага працэсу залежыць яго далейшы лёс.

Як толькі ў гаспадарцы пачынаецца жніво, у У. Юхневіча таксама настае гарачая пара. Пакуль камбайнеры шчыруюць у полі, а машыны прывозяць зерне, штодзённа ён завіхаецца на сваім працоўным месцы — КЗС-20. Напэўна, гэта самы стары ў раёне зернесушыльны комплекс, але не менш надзейны за сучасныя. Удзень трэба перасушыць каля 20 тон, а можа, і больш — усё залежыць ад мэт, для якіх будзе выкарыстоўвацца зерне. Працуе аператар разам з памочнікам, з якім даглядаюць і пры неабходнасці рамантуюць 36-гадовую сушылку. Пры гэтым даводзіцца яшчэ не толькі сушыць, але і цепліць дзве дрывяныя печкі, якія падтрымліваюць неабходную для працэсу сушэння тэмпературу.

Пасля заканчэння жніва, здавалася б, ва Уладзіміра Яўгеньевіча ёсць шанс адпачыць. Аднак мужчына бярэцца за любую сельскагаспадарчую працу. Любоў да яе, як прызнаецца, заклалі бацькі, якія ўсё жыццё працавалі на зямлі. Менавіта да іх, на радзіму (у вёску Нурвяны) і вярнуўся ён пасля вучобы і службы ў арміі аж на Дальнім Усходзе.

Вучоба ў мясцовай сельскагаспадарчай «кузні» кадраў — Відзаўскім СПТВ — дала трывалыя веды і вызначыла далейшы лёс: з 90-х гадоў У. Юхневіч працуе ў «Відзаўскім». Кіраўніцтва характарызуе яго як надзейнага і сумленнага работніка, паважаюць і калегі па працы. Склалася і сямейнае жыццё, на радзіме ажаніўся, пабудаваў уласны дом, трымае і немалую падсобную гаспадарку.

Дзе нарадзіўся — там і спатрэбіўся. Гэты выраз якраз цалкам пра Уладзіміра Юхневіча. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.