Быць у цэнтры падзей разам з «раёнкай»

Калейдоскоп
Вось ужо амаль 80 гадоў «Браслаўская звязда» з’яўляецца сродкам аператыўнага, аб’ектыўнага і ўсеагульнага асвятлення актуальных мясцовых пытанняў. Жыццё раёна немагчыма ўявіць без свежых нумароў газеты — надзейнай крыніцы інфармацыі.

Так лічыць і повар сталовай СВК «Маяк Браслаўскі» Наталля Кароткіна з агр. Опса, якая з дзяцінства з задавальненнем чытае «раёнку».

— З узростам змяняліся мае інтарэсы, а значыць, і цікавасць да газеты. Калі раней больш звяртала ўвагу на артыкулы пра школьнікаў і моладзь, то цяпер у першую чаргу чытаю пра дасягненні і людзей нашага сельгаспрадпрыемства. І вельмі радуе, што амаль у кожным нумары ёсць прыемныя навіны, бо гэта значыць, што СВК не здае сваіх лідарскіх пазіцый.

Апошнім часам уся сям’я абмяркоўвае змяненні, якія будуць адбывацца ў Браславе з нагоды абласнога свята «Дажынкі». Спадзяёмся, што горад стане яшчэ прыгажэйшым.

Як повар цікаўлюся рэцэптамі, якія прапануюць браслаўчане. Па многіх з іх гатую для сваіх родных.

Шмат прыемных хвілін прыносяць «Нявыдуманыя гісторыі». Абавязкова звяртаю ўвагу на матэрыялы пад рубрыкай «Чалавек і яго справа», «У свеце захапленняў», дзе расказваецца пра людзей нашага краю, — адзначае Наталля Кароткіна.

Напрыканцы сустрэчы суразмоўніца пажадала калектыву рэдакцыі і далей знаходзіць разнастайныя актуальныя тэмы, каб газета заставалася цікавай і шматпланавай. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.