Амаль 20 гадоў Пётр Таўкінь трымае ў сваіх надзейных руках руль аўтамабіля

Люди
Для многіх аўтамабіль з’яўляецца зручным сродкам руху, для іншых ён становіцца прафесіяй — не заўсёды лёгкай, але любімай. Так здарылася і ў жыцці вадзіцеля СВК «Маяк Браслаўскі» Пятра Таўкіня.

Навыкі спецыяльнасці мужчына набыў у Відзаўскім вучылішчы, пасля заканчэння якога ўладкаваўся ў родны калгас. Так з таго часу тут і працуе.

Апошнія 15 гадоў Пётр на сваім «ЗІЛе-130» развозіць па фермах СВК муку на корм жывёле. І каб паспець усіх накарміць, свой рабочы дзень пачынае ў чатыры гадзіны раніцы.

— Нічога асаблівага ў гэтым не бачу, — кажа П. Таўкінь, — сельскія жыхары прывычныя рана ўставаць.

Падчас невялікіх перапынкаў паміж паездкамі па фермах вадзіцель перабірае сваю машыну, бо добра разумее, што жывёлу трэба пакарміць сваечасова.

А ў рэдкія выхадныя Пётр з вялікім задавальненнем вылучае час для любімага занятку — рыбалкі. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.