За кошт чаго выжывае маленькая гаспадарка раёна, дзе катастрафічна не хапае кадраў

Деньги
Сёлета пасяўныя плошчы КУСП «Браслаўскі» выраслі за кошт далучаных палёў і пашаў, што прылягаюць да в. Цяцеркі. Разам з зямлёй у спадчыну гаспадарка атрымала дзве адзінкі тэхнікі, пасяўны агрэгат і адзін няспраўны плуг, які ў далейшым аднавілі. Таксама ў гаспадарцы ўзрасло і пагалоўе БРЖ. На 127 галоў павялічыўся дойны статак. Усё гэта адбылося за кошт ААТ «Браслаўскі райаграсэрвіс», які на пачатку веснавых палявых работ здаваў свае пазіцыі, таму кіраўніцтвам раёна было вырашана перадаць частку маёмасці суседняму ўнітарнаму прадпрыемству. І хоць афіцыйная працэдура афармлення яшчэ не завершана, але гэтым «багаццем» ужо кіруе Аляксандр Кірчанка.

Па словах дырэктара, да іх на працу з суседняга аграсэрвіса перайшоў толькі адзін механізатар, таму нагрузка на работнікаў, безумоўна, павялічылася. Але, трэба сказаць, калектыў вытрымаў гэта свайго роду выпрабаванне.

— Не толькі веснавую, а і восеньскую сяўбу, нягледзячы на такі вялікі прырост земляў і мізэрны — тэхнікі, механізатары гаспадаркі правялі даволі паспяхова, — расказвае Аляксандр Пятровіч. — Вясной збожжавы клін гаспадаркі павялічыўся на 14,4 %, а восенню азімымі збожжавымі занялі 530 гектараў, пасеялі 100 га рапсу і 20 сурэпіцы. Такім чынам, азімыя пасевы ў параўнанні з мінулым годам выраслі ў 1,6 разу. Зразумела, каб выканаць такі аб’ём работ, спатрэбіліся новыя падыходы да арганізацыі працы. Па-першае, падоўжылі працоўны дзень, па-другое, здолелі задзейнічаць на сяўбе адразу два пасяўныя агрэгаты, па-трэцяе, па магчымасці ладзілі работу энерганасычаных трактароў у дзве змены. Усё гэта, разам узятае, і дало магчымасць правесці восеньскую сяўбу ў вызначаныя тэрміны. А каб атрымаць добры ўраджай, выкраілі грошай і на элітнае насенне. Купілі 8 т пшаніцы, 5 т жыта і 4 т трыцікале. Заўважу, што раней наша гаспадарка жыта ніколі не сеяла. Аднак на будучы год паступіў на яго дзяржзаказ, а гэта значыць, што не будзе праблем са збытам, у дадатак абяцаюць грашовую падтрымку.

Хлебаробы КУСП «Браслаўскі» ўжо дбаюць пра ўраджай наступнага года. Пад яравыя культуры ўзнята 500 га зябліва, аднак, калі дазволіць надвор’е, механізатары нацэлены ўзняць яшчэ 300 га. Такім чынам, амаль удвая вырасце і яравы клін.

Па выніках раённага спаборніцтва ўзгаданая гаспадарка не толькі на веснавой і восеньскай сяўбе заняла другое месца, такі ж тытул яна заваявала і на нарыхтоўцы кармоў.

Падчас гэтай кампаніі працаваў адзін атрад, у які ўваходзілі КВК і КЗР, граблі, адвозілі зялёную масу два МАЗы і тры трактары з прычэпамі.

Такой невялікай кампаніяй нарыхтавалі 1 869 т к. адз., а гэта 23 ц к. адз. на ўмоўную галаву жывёлы, што на 14 % больш, чым летась. У размове Аляксандр Кірчанка адзначыў, што лепшы ўраджай як па масе, так і па спажыўнасці далі бабовыя травы. Але іх у чыстым выглядзе было толькі 350 га. На жаль, такіх культур у севазвароце, які склаўся раней, вельмі мала. Таму ў далейшым будуць закладваць сенажаці з бабовых без прымесі злакавых. Добра ўрадзіла і пайза, а вось кукуруза падвяла.

Сезон корманарыхтоўкі праходзіў у «Браслаўскім» не без цяжкасцей. Як у большасці гаспадарак, часта ламалася ўжо даўно не новая тэхніка, адчуваліся перабоі з палівам, але, бадай, самая вострая праблема — недахоп сянажных траншэй. У гаспадарцы іх толькі тры. Усю астатнюю зялёную масу давялося закладваць у бурты. Вядома ж, корм лепш захоўваецца ў траншэях, там яго можна добра ўтрамбаваць, а з буртоў атрымліваецца шмат адходаў, бо кладзецца не так цесна і туды трапляе кісларод, які псуе сакавітую зялёную масу. Таму ў гэтым годзе дырэктар плануе перабудаваць стары цялятнік у сянажную траншэю. Затраты для таго невялікія: трэба зняць дах, закласці цэглай вокны і абсыпаць сцены грунтам.

Такім чынам, можна сказаць, што самая маленькая гаспадарка раёна, дзе катастрафічна не хапае кадраў, не проста выжывае, а дзякуючы напружанай працы механізатараў і жывёлаводаў яшчэ і развіваецца. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.