Наталля Смулько: «Трэба працаваць з поўнай аддачай, тады і добрых вынікаў можна чакаць»

Люди
Наталля Смулько з агр. Друя нарадзілася ў сям’і, дзе немагчыма было ўявіць сняданак, абед ці вячэру без кубка малака. Так атрымалася, што і яе працоўная дзейнасць звязана з гэтым карысным і патрэбным прадуктам: больш за 10 гадоў жанчына працуе даяркай на мясцовай ферме ААТ «Друйскі».

З дня ў дзень яна ўстае з першымі крыкамі пеўняў і едзе на веласіпедзе даіць сваіх каровак. У летні перыяд за даяркамі прыязджае машына, за што жанчына выказвае ўдзячнасць праўленню сельгаспрадпрыемства. Ранішняя дойка пачынаецца ў пяць гадзін, потым — яшчэ дзённая і вячэрняя. Кожная доўжыцца не менш за тры гадзіны. Толькі чалавек, прывучаны з дзяцінства да цяжкай сялянскай працы, можа затрымацца ў жывёлагадоўлі і пры гэтым укладваць усю душу ў сваю справу. Таму і не дзіўна, што Н. Смулько дзякуючы сваёй працавітасці лічыцца адной з лепшых у таварыстве.

Пад наглядам жанчыны 40-45 кароў, і да ўсіх яна адносіцца з пяшчотай, кожнай абавязкова ласкавае слова скажа, бо лічыць: толькі так можна дасягнуць высокіх паказчыкаў. І жывёлы аддзячваюць сваёй гаспадыні добрымі надоямі: летам у суткі група бурых давала па 600-650 л малака. Адказная і добрасумленная Наталля пасля дойкі старанна і акуратна памые апараты, прывядзе ўсё ў парадак, абыдзе сваіх падапечных і толькі потым спяшаецца дадому.

— Люблю сваю справу, — кажа Н. Смулько. — Лічу, што трэба працаваць з поўнай аддачай, тады і добрых вынікаў можна чакаць.

У перапынках паміж дойкамі жанчыне не надта ёсць часу адпачыць, бо хапае і хатніх клопатаў: уласная гаспадарка, агарод, кветнікі, хочацца парадаваць сваіх родных смачным абедам.

Безумоўна, жыццё Наталлі, як і ўсіх вяскоўцаў, зусім не багатае на падзеі, тым не менш яна з усмешкай і не без агеньчыку ў вачах расказвала пра свае будні. І размаўляючы з гэтай прыемнай жанчынай, упэўнілася яшчэ раз у тым, што чалавек сам каваль свайго лёсу. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.