Механізатар Сяргей Прахарэнка: «Іншай працы і не шукаю»

Люди
Выдатна спраўляецца з усімі відамі сельскагаспадарчых работ вопытны механізатар ААТ «Мяжаны» Сяргей Прахарэнка.

Пасля заканчэння відзаўскага вучылішча ў 1982 годзе мужчына звязаў свой прафесійны лёс з працай на зямлі. З ранняй вясны і да белых мух на сваім энерганасычаным трактары шчыруе ён на палетках таварыства. Узорвае глебу, затым замяняе плуг на пасяўны агрэгат, з першым укосам траў пачынае нарыхтоўку кармоў. Не паспее азірнуцца, як надыходзіць пара азімай сяўбы збожжавых, пасля якой механізатар зноў чапляе да трактара плуг і ўздымае зябліва. Прычым выконвае ўсё якасна і акуратна. Не застаецца Сяргей без работы і ў зімовы перыяд.

Як і іншыя хлебаробы таварыства, механізатар прыкладае ўсе намаганні, каб працаваць з максімальнай аддачай. Загадзя перабірае ён усе агрэгаты і вузлы свайго трактара.

— Зразумела, праца на зямлі нялёгкая, — кажа Сяргей Прахарэнка, — але яшчэ з дзяцінства да яе прызвычаіўся, таму іншай і не шукаю.

Хутка зямля пакрыецца белай коўдрай і ў цяжкай працы механізатара з’явяцца выхадныя дні, якія ён з задавальненнем правядзе на зімовай рыбалцы. ■

Тэкст і фота Алены ПЯТУШКА.