Ушанавалі хлебаробаў Браслаўшчыны: рэпартаж са свята аграрыяў

Новости
Традыцыйныя ўрачыстасці, прысвечаныя Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, прайшлі ў Браславе ў мінулую суботу.

На свята запрасілі перадавікоў сельгасвытворчасці і прадпрыемстваў перапрацоўкі, ветэранаў галіны, шэфаў, кіраўнікоў арганізацый раёна і многіх іншых.

Першы і вельмі важны момант — уручэнне караваяў ураджаю 2018 года старшыні райвыканкама Аляксандру Баданіну, яго першаму намесніку, начальніку ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і прадуктах харчавання Максіму Чагарыну, а таксама ўсім кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў Браслаўшчыны.

Падчас свайго звароту да прысутных А. Баданін падвёў рысу пад чарговым сельскагаспадарчым годам. Ён адзначыў, што, нягледзячы на склада​​ныя ўмовы надвор’я і ўвогуле рызыкоўнае ў нашых мясцінах земляробства, аграрыі дасягнулі пэўных вынікаў. «І ў такіх умовах можна не толькі працаваць, але і паказваць стабільна высокі вынік», — зазначыў кіраўнік раёна, маючы на ўвазе СВК «Маяк Браслаўскі». «Нягледзячы ж на тое, што большую частку сельгасвытворчасці раёна даюць толькі дзве гаспадаркі, ва ўсіх прадпрыемствах галіны зніжаны затраты, наладжана плацежная дысцыпліна, пагалоўе забяспечана травяністымі кармамі, стабільна працуе і перапрацоўка», — рэзюмаваў ён. Старшыня райвыканкама падзякаваў працаўнікам сяла за іх нялёгкую працу, адзначыў уклад у агульную справу ветэранаў галіны і ўсіх тых, хто так ці інакш звязаны з вытворчасцю і перапрацоўкай сельскагаспадарчай прадукцыі, пажадаў ім і іх сем’ям дабрыні, здароўя, дабрабыту і поспехаў.

Са словамі віншавання да прысутных таксама звярнуліся начальнік упраўлення райвыканкама па сельскай гаспадарцы і прадуктах харчавання Максім Чагарын і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалай Вялічка.

Узнагароджаных традыцыйна было шмат. Прычым сваіх герояў знайшлі ганаровыя граматы і падзякі самага рознага ўзроўню — ад раённага ўпраўлення па сельскай гаспадарцы да аблвыканкама і профільнага міністэрства. Не засталіся па-за ўвагай і шэфскія арганізацыі, якія аказваюць хлебаробам пасільную, але пастаянную дапамогу, і сельсаветы, што часта ідуць літаральна побач з сельгасарганізацыямі ў справе забеспячэння харчовай бяспекі раёна і краіны.

Словам, кожны, хто ў той дзень падымаўся на сцэну, акрамя ўсяго іншага, атрымліваў ва ўзнагароду і шчырыя апладысменты ад калег і гледачоў, што яшчэ раз падкрэслівае значнасць працы на зямлі і яе высокае прызнанне ў грамадстве.

Урачыстая частка свята прадоўжылася канцэртнай праграмай, падрыхтаванай установамі культуры і адукацыі Браслаўшчыны. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.

Фота аўтара.