Браслаўчане прынялі ўдзел у абласным харэаграфічным аглядзе-конкурсе «Прыдзвінскія карункі»

Новости
Узорны харэаграфічны калектыў «Такт» Браслаўскага РЦК прыняў удзел у абласным аглядзе-конкурсе «Прыдзвінскія карункі». Мерапрыемства праходзіла ў Віцебску і было прымеркавана да 100-годдзя з дня нараджэння заслужанага дзеяча культуры Беларусі Івана Серыкава.

Усяго ў аглядзе ўдзельнічалі каля 40 танцавальных калектываў. Браслаўскія танцоры пад кіраўніцтвам Святланы Кажапенька падрыхтавалі для творчага форуму арыгінальную пастаноўку.

— Наша танцавальная кампазіцыя называлася «Прывітальная». Браслаўчане, дарэчы, маглі яе бачыць падчас адкрыцця Міжнароднага свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы». Для фестывалю ў Віцебску мы яе крыху адкарэкціравалі, нейкія элементы дадалі, некаторыя ўбралі. Тым не менш нумар не згубіў сваю арыгінальнасць і вылучаўся з шэрагу іншых дзякуючы і выкарыстанню «крылаў» з лагатыпам нашага галоўнага свята, — расказала С. Кажапенька.

Як адзначыла дырэктар РЦК Юлія Далецкая, якая суправаджала «Такт», калектыў годна прадставіў сябе на мерапрыемстве, яго выступленне добра ўспрынялі і гледачы, і журы. ■

Алена НАБЕЕВА.