Будуць і трохпакаёвыя. Сталі вядомы падрабязнасці будаўніцтва 40-кватэрнага дома па вуліцы Садовай

Главное Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Нягледзячы на тое, што кожны год у Браславе ўводзіцца ў эксплуатацыю хоць адзін шматкватэрны дом, чарга грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, захоўваецца. На сённяшні дзень гэта каля 800 чалавек. Таму і на 2019 год у нашым горадзе запланавана ўзвядзенне 40-кватэрнага жылога дома долевага будаўніцтва.

У аддзеле райвыканкама па архітэктуры і будаўніцтве, жыллёва-камунальнай гаспадарцы 2 лістапада прайшла прэзентацыя праекта. Намеснік начальніка аддзела Дзіяна Шаркель, прадстаўнік праектнай арганізацыі галоўны інжынер праектаў дзяржаўнага прадпрыемства «Віцебскі домабудаўнічы камбінат» Аркадзь Сівакоў і дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва Аляксандр Дзярук расказалі пра новае будаўніцтва.

У адпаведнасці з генеральным планам г. Браслава 5-павярховы 40-кватэрны панэльны дом плануецца размясціць на зямельным участку плошчай 0,5 га па вул. Садовай. У новым жылым доме будзе 10 аднапакаёвых кватэр, 20 — двухпакаёвых, астатнія — трохпакаёвыя, што ўпершыню за некалькі апошніх гадоў.

Акрамя ўзвядзення самога жылога дома, праектам, безумоўна, прадугледжана і добраўпарадкаванне зямлі. На тэрыторыі побач з новым шматпавярховым домам размесцяцца дзіцячая і спартыўная пляцоўкі, гаспадарчая для ўстаноўкі смеццекантэйнераў, а таксама месцы для стаянкі аўтамабіляў. ■

Тэкст і фота Казіміра ПЯТУШКІ.