У Браславе выступіў ансамбль Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь

Главное Отдых
 Канцэрт адбыўся падчас гастрольнага тура калектыву па краіне, прымеркаваны да 100-годдзя органаў пагранічнай службы Беларусі.

Ансамбль шырока вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Ён выходзіць за межы класічнага інструментальнага калектыву, бо мае ў сваім складзе салістаў і танцораў. Напрыклад, у ансамблі выступае лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Алег Сямёнаў, стыпендыят прэзідэнцкага фонду Рэспублікі Беларусь Аліна Молаш, а танцоры — прафесіянальныя артысты балета. Таму не дзіўна, што для Браслава выступленне ансамбля стала значнай культурнай падзеяй.

Перад пачаткам канцэртнай праграмы прысутных прывітаў намеснік начальнік Полацкага пагранічнага атрада Анатолій Міхальчык. Ён расказаў пра складаныя і адказныя будні пагранічнікаў, якія надзейна стаяць на варце бяспекі нашай Беларусі. Гэтую тэму працягнуў афіцэр аховы дзяржаўнай мяжы Полацкага пагранатрада Антон Бондараў, які агучыў вынікі дзейнасці пагранічнікаў і аператыўную абстаноўку на падведамнай тэрыторыі. Карыснай для многіх аказалася і інфармацыя ад прадстаўнікоў гэтай пачэснай прафесіі, як паступіць у Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.

Канцэрт жа падарыў браслаўчанам сапраўдную эстэтычную асалоду і паказаў, што пагранічнікі — людзі не толькі мужныя, але і таленавітыя. Разнастайны рэпертуар, у якім спалучаліся шлягеры з народнымі і сучаснымі мелодыямі, харэаграфічныя замалёўкі, несумненна, прыйшліся даспадобы гледачам.

Поўную самааддачу артыстаў, іх артыстызм і талент браслаўчане ацанілі бурнымі апладысментамі і кветкамі для ўсяго калектыву, а таксама выказалі надзею, што гэта не апошняя сустрэча на браслаўскай зямлі. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.