Адзіны дзень інфармавання з калектывам «Беларусбанка». Ад народных традыцый да перапісу насельніцтва

Новости
На мінулым тыдні у цэнтры банкаўскіх паслуг № 205 філіяла №214 ААТ «Беларусбанк» адбыўся адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Ён праходзіў у фармаце экспрэс-сустрэчы, але закрануў даволі шмат важных пытанняў.

Прысутнасць начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвынкама Юліі Чагарынай падказвала тэматыку сустрэчы. І сапраўды, размова была з культурным ухілам: пра традыцыі беларускага народа, уклад раённых устаноў культуры ў развіццё сферы і захаванне нацыянальнага багацця.

Дарэчы, у гэтым кантэксце Браслаўшчына валодае патэнцыялам, якога няма ў іншых раёнаў Віцебшчыны і нават рэспублікі. Так, наша традыцыйнае свята «Браслаўскія зарніцы» мае статус міжнароднага і з’яўляецца адным з найстарэйшых такога кшталту. Падобнай багатай шматгадовай гісторыяй на самай справе могуць пахваліцца нямногія. Паралельна з году ў год набірае абароты сучасны папулярны музычны фестываль Viva Braslav. На высокім узроўні, адзначыла Ю. Чагарына, працуюць мясцовыя ўстановы культуры: клубная сістэма, ЦБС, дзіцячая школа мастацтваў, музейнае аб’яднанне. Сёлета вельмі многія калектывы і асобы атрымалі заслужанае прызнанне. Напрыклад, Слабодкаўская бібліятэка стала 2-й у рэспубліцы па рабоце з прававой інфармацыяй. Наша музейнае аб’яднанне лічыцца ўнікальным па структуры, якое да таго ж валодае адным з самых багатых фондаў у вобласці. Толькі ў гэтым годзе яго работнікі і іх творчасць неаднаразова адзначаліся рознымі ўзнагародамі. Зусім жа нядаўна калектывы РЦК прымалі ўдзел у здымках тэлеперадачы, а жывыя скульптуры вярнуліся з мерапрыемстваў з Масквы.

Увогуле калектыву ЦБП цікава было даведацца, што культурныя ўстановы Браслаўшчыны аказваюць 77 відаў паслуг, 12 калектываў маюць званне ўзорны ці народны, і што любы браслаўчанін, у тым ліку і банкаўскі работнік, можа стаць часткай культурнага жыцця раёна.

Таксама Юлія Чагарына закранула актуальную тэму перапісу насельніцтва. Яшчэ раз нагадала новаўвядзенні, якія чакаюць удзельнікаў такога маштабнага і надзвычай важнага мерапрыемства, і прасіла з разуменнем адносіцца да ўсіх праводзімых этапаў у рамках перапісной кампаніі.

З вынікамі работы банкаўскай сістэмы ААТ «Беларусбанк» за мінулых 9 месяцаў калектыў пазнаёміла дырэктар ЦБП № 205 Зоя Смірнова. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.