Колькасць насельніцтва Браслаўшчыны за апошніх дзесяць гадоў скарацілася больш чым на 6 тысяч чалавек

Новости
За апошніх 10 гадоў колькасць насельніцтва Браслаўшчыны скарацілася больш чым на 6 тысяч чалавек, расказала «Браслаўскай звяздзе» начальнік аддзела статыстыкі Браслаўскага раёна Анжэла Машара.

Па стане на 1 студзеня бягучага года у нашым раёне жылі 25 508 чалавек, тады як на аналагічную дату дзесяцігадовай даўніны — 31 639. Падлічыць няцяжка: мінус 6 131, або 19,4 %.

Адметна, што колькасць жыхароў райцэнтра не толькі захавалася на старым узроўні, але нават і крыху вырасла — 9829 цяпер супраць 9 821 10 гадоў таму назад (+ 0,09 %). На гэтым фоне значна менш стала відзаўчан. Цяпер у гарадскім пасёлку жывуць 1 669 чалавек, а у 2008-м — 1 941 (мінус 14 %).

Найбольш жа хуткімі тэмпамі скарачаецца насельніцтва сельскай мясцовасці. За апошняе дзесяцігоддзе вяскоўцаў у Браслаўскім раёне стала менш на 30 %, ці 5 867 у абсалютных лічбах. Сёння у аграгарадках і вёсках рэгіёну жывуць крыху больш за 14 тысяч чалавек (раней 19 877).

Асноўныя прычына такога раскладу добра вядомыя: адмоўны натуральны прырост насельніцтва і ўрбанізацыя. Іншымі словамі, браслаўчан нараджаецца менш, чым памірае, а галоўны накірунак міграцыі — з вёскі ў горад.

Словам, лічбы ў разрэзе дэмаграфіі Браслаўскага раёна даюць падставу для пэўных разважанняў. Вядома, гэта вельмі малаверагодна, але калі звярнуцца толькі да матэматыкі і фармальнай логікі, то пры захаванні існуючых тэндэнцый насельніцтва Браслаўшчыны будзе імкнуцца да мінімальных значэнняў ужо праз 50 гадоў, а вяскоўцаў і ўвогуле праз 30. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.