«Эўрыка»! Браслаўчане паўдзельнічалі ў абласной навукова-практычнай канферэнцыі

Власть и общество
У пачатку лістапада на базе Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава прайшла ІХ навукова-практычная канферэнцыя «Эўрыка» — заключны этап конкурсу работ даследчага характару навучэнцаў устаноў адукацыі вобласці. Гэта штогадовае мерапрыемства абагульняе і падводзіць вынікі пошукавай дзейнасці вучняў, якая ажыццяўляецца на працягу навучальнага года практычна па ўсіх прадметах.

У ВДУ сабраліся 158 навучэнцаў 9 — 11 класаў, што выканалі даследчую працу самастойна або ў складзе аўтарскага калектыву і чые работы былі прызнаны лепшымі на раённым узроўні. Пасля ўрачыстага адкрыцця канферэнцыі яе ўдзельнікі накіраваліся, згодна з абранымі навуковымі дысцыплінамі, у аўдыторыі, дзе праходзіла абарона і абмеркаванне. Наш раён быў прадстаўлены шасцю работамі. Маладыя браслаўскія даследчыкі скарысталіся магчымасцю паказаць свой узровень ведаў, добра праявілі сябе і заваявалі тры прызавыя месцы. Так, па выніках конкурсу дыпломам І ступені ў секцыі «Літаратуразнаўства (руская літаратура)» узнагароджаны Сяргей Смерцьеў і Клара Бондарава з Друйскай сярэдняй школы (навуковы кіраўнік — Валянціна Кірчанка), дыпломам ІІІ ступені ў секцыі «Лінгвістыка (беларуская мова)» — Юлія Бялюн з браслаўскай СШ № 1 (кіраўнік — Марына Жалубоўская) і дыпломам ІІІ ступені ў секцыі «Фізіка, астраномія» — Антон Атрашкевіч, які прадстаўляў Ахрэмаўскую сярэднюю школу (кіраўнік — Жанна Раманоўская).

Дарэчы, навучэнцы, якія паказалі лепшыя вынікі, увойдуць у склад абласной каманды, што будзе ўдзельнічаць у рэспубліканскім конкурсе даследчых работ.

Хачу падзякаваць нашым пераможцам і іх настаўнікам за цікавасць да навуковай дзейнасці, жадаю далейшых поспехаў і новых перамог. ■

Святлана КУК’ЯН,

загадчык вучэбна-метадычнага кабінета аддзела райвыканкама па адукацыі.

На здымку: Бялюн Юлія, вучаніца  11 класа СШ № 1, годна абараніла навуковую працу “Тапонімы Браслаўшчыны”.