У Браслаўскім раёне рэканструявалі старую жывёлагадоўчую ферму

Актуальное Экономика и финансы
Каб мець высокія надоі малака, варта не толькі забяспечваць кароў спажыўнымі кармамі, а і рэгулярна аднаўляць дойны статак. А таму трэба сур’ёзна займацца гадоўляй рамонтных цялушак, як гэта робяць у СВК «Маяк Браслаўскі». Там, напрыклад, на ферме «Купчэлі» ўжо з дзясятак гадоў бяспрывязна, са свабодным выгулам, увесь год утрымліваюцца цялушкі злучнога і дазлучнога ўзростаў. Тым не менш у гаспадарцы лічаць, што для рэгулярнага ўводу маладняку ў асноўны статак гэтага недастаткова.

Як расказаў старшыня праўлення СВК Рамуальд Шукель, калі ААТ «Новая Гвардыя» трапіла ў спіс банкрутаў, маякоўцы выкупілі фермы ў Далёкіх і Друсевічах. У чэрвені гэтага года было вырашана адрамантаваць і пераабсталяваць адно з далёкаўскіх памяшканняў пад гадоўлю племянных цялушак старэйшага ўзросту.

За працу ўзялася ўжо выпрабаваная гадамі брыгада будаўнікоў са Століна. Памяшканне рэканструявалі з улікам вопыту падобных будоўляў вобласці і ўласных назіранняў спецыялістаў гаспадаркі. Так на месцы старой, напалову разбуранай фермы за чатыры месяцы з’явілася сучасная. Тут усё зроблена так, каб маладняк мог гадавацца ў найлепшых умовах і, што важна, хутка даваць важкія прывагі.

— За кошт бяспрывязнага ўтрымання і спрыяльных умоў жывёла будзе расці здаровай, — кажа галоўны ветурач гаспадаркі Раман Паляк. — Дзякуючы гэтаму мы нясём меншыя затраты, а прыбытак атрымліваем большы. Таму будаўніцтва фермы, адзначу, праведзенае за ўласныя сродкі гаспадаркі, павінна акупіцца за кароткі тэрмін.

І так заўсёды: калі ў «Маяку Браслаўскім» бяруцца за будоўлю, то робяць гэта сумленна, каб памяшканні служылі доўгія гады, не патрабавалі вялікіх затрат на міжсезонныя рамонты.

Напрыклад, у Далёкіх выгулы для маладняку зроблены з металу. У зямлю закапаны двухпрофільныя таўры. Пляцоўкі ў начны час падсвечваюцца спецыяльнымі энергазберагаючымі ліхтарамі. Такое ж асвятленне ўстаноўлена і ў саміх памяшканнях. А каб у летні час дарэмна не траціць электраэнергію, у даху прарэзаны адтуліны, што закрыты полікарбанатам. Прадугледзелі тут і кантроль за мікракліматам, за якім сочыць камп’ютар, дзякуючы чаму на ферме падтрымліваецца пастаянная тэмпература і вільготнасць.

Для большай зручнасці кармавы стол узнялі над падлогай на паўтара метра, што забяспечвае больш прыдатны доступ да корму. Само памяшканне дазваляе свабодна заязджаць кормараздатчыкам, а таксама выдаляць гной бульдозерам. Нездарма ж на догляд трохсот галоў спатрэбіўся толькі адзін даглядчык і адзін начны вартаўнік. З улікам таго, што ў планах стаіць рэканструкцыя і другога памяшкання, а таксама фермы ў Друсевічах, нанялі на работу і загадчыка фермы. Дарэчы, усе працаўнікі — жыхары Далёкіх.

Для абслугоўваючага персаналу абсталяваны асобны спецыяльны кабінет, мэблю для якога заказалі на пастаўскім камбінаце.

Па словах Р. Паляка, у канцы гэтага тыдня цялушкі ўжо справяць наваселле: пагалоўе падабрана па весавых кандыцыях і ўзросце. Хутка адноўленая ферма зажыве сваім другім жыццём. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.