У Браславе ўрачыста адкрылі дзіцячую пляцоўку «Мара дзяцінства»

Власть и общество
Юныя браслаўчане могуць цяпер праводзіць свой вольны час больш разнастайна і прыемна. У мінулую суботу каля першай гарадской школы ўрачыста адкрылі дзіцячую пляцоўку «Мара дзяцінства», пабудаваную ў рамках рэалізацыі праекта «Умацаванне грамадзянскай актыўнасці ў Браславе і Шаркаўшчыне».

Пачынаючы мерапрыемства, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Тэрэза Станіслаўчык нагадала, што пасля перамогі ў конкурсе мясцовых ініцыятыў, якая дала магчымасць атрымаць невялікую фінансавую падтрымку, творчы калектыў СШ № 1 з сярэдзіны верасня да канца кастрычніка працаваў над рэалізацыяй задумкі.

На працягу дастаткова кароткага часу настаўнікі, вучні і іх бацькі прыклалі шмат намаганняў, каб на тэрыторыі школы з’явілася зона актыўнага адпачынку для дзяцей. Прычым яна ўнікальная ў тым плане, што тут усё зроблена сваімі рукамі: хопчыкі, якія захапляюцца сталярствам, у майстэрні разам са сваімі татамі пад кіраўніцтвам настаўніка працоўнага навучання Аляксандра Пятроўскага спачатку рыхтавалі набытыя матэрыялы, потым старанна выразалі дэталі. Адны працавалі кожную суботу, іншыя прыносілі патрэбныя інструменты ці змаглі дапамагчы хоць адзін раз — усяго да праекта далучыліся дзевятнаццаць бацькоў. Нават дзяўчынкі зацікавіліся і дапамагалі як маглі.

Нарэшце драўляныя гульнявыя формы зманціраваны і ўстаноўлены на пляцоўцы. На яе ўрачыстае адкрыццё сабраліся школьнікі, іх таты і мамы, настаўнікі. Надзея Дударонак, дырэктар сацыяльна-інфармацыйнай установы «Традыцыі і інавацыі Паазер’я», кіраўнік праекта, высока ацаніла намаганні дзяцей і дарослых і выказала ім шчырыя словы ўдзячнасці. Да яе далучылася дырэктар першай школы Тамара Стома, якая пад гучныя апладысменты ўручыла прадстаўнікам сем’яў, занятых у праекце, падзякі і салодкія падарункі.

І вось настаў час прадставіць прысутным гульнявыя элементы. Усяго іх чатыры: «Крыжыкі-нулікі», «Самы спрытны», «Чацвёрка», «Стральба на трапнасць». Бачна, што выбар прадуманы, бо ў гульнях спатрэбяцца як спрыт і трапнасць, так і кемлівасць ды логіка. Хоць выглядаюць яны сціпла, інтарэс выклікаюць вялікі. Гэта пацвердзілі ўзрушаныя і радасныя школьнікі, якія ў адно імгненне запоўнілі пляцоўку і «пратэсціравалі» навінкі. Утварыліся нават чэргі да іх: практычна кожны вучань хацеў паспрабаваць свае сілы і здольнасці (і не адзін раз), не зважаючы нават на халоднае надвор’е.

Новая пляцоўка, у дадатак да спартыўнай, удала ўпісалася ў прышкольную тэрыторыю. Дарэчы, яна атрымалася мабільная: усе гульнявыя элементы можна перамяшчаць, калі ўзнікне такая патрэба. Пляцоўка сапраўды стала ажыццёўленай марай дзяцей, у якіх з’явілася яшчэ адно месца для вясёлых гульняў. ■

Жанна БЯЛЬКО.

Фота аўтара.