Павінен ведаць усё на даручанай тэрыторыі. Які ён сучасны ўчастковы?

Власть и общество
У суботу сваё прафесійнае свята будуць адзначаць участковыя інспектары міліцыі. Гэта свята тых людзей, да якіх грамадзяне літаральна штодня звяртаюцца па дапамогу па самых розных пытаннях. Менавіта яны надзейна абараняюць спакой нашых жыхароў, іх маёмасць, гонар і годнасць ад замахаў злачынцаў. Акрамя таго, ад спецыялістаў гэтай прафесіі шмат у чым залежыць імідж органаў унутраных спраў, іх аўтарытэт сярод насельніцтва.

Дарэчы, служба ўчастковых інспектараў мае багатую гісторыю. На працягу доўгага шляху станаўлення гэты інстытут развіваўся і ўдасканальваўся. Існаваў ён у розных умовах і разнастайных арганізацыйных формах, аднак заўсёды займаў важнае месца ў сістэме органаў унутраных спраў.

Сёння аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі з’яўляецца адным з асноўных падраздзяленняў Браслаўскага РАУС. Цяпер тут нясуць службу 10 участковых інспектараў міліцыі, якія кожны дзень гатовыя прыйсці на дапамогу браслаўчанам.

— Служба ўчастковых вельмі складаная і адказная, у нас велізарная колькасць задач, — гаворыць в. а. начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Вадзім Балтуноў. — Участковы інспектар міліцыі — гэта не спецыяліст вузкай накіраванасці па нейкім вызначаным пытанні, да яго першага звяртаюцца па дапамогу і з любой нагоды. Сёння ад участковага патрабуецца напружаная, карпатлівая праца, уважлівыя адносіны да грамадзян і своечасовае вырашэнне іх праблем, выдатнае веданне дзеючага заканадаўства і ўмелае яго выкарыстанне. Бо ўчастковы інспектар міліцыі нярэдка з’яўляецца асноўнай даступнай крыніцай прававой інфармацыі і дапамогі. Аналітычныя здольнасці, эрудыцыя, камунікабельнасць, якая дазваляе ўсталяваць даверлівыя адносіны з жыхарамі, гатоўнасць дапамагчы ў любой сітуацыі, мужнасць, мэтанакіраванасць, адданасць прафесіі і сумленнасць — вось што неабходна ўчастковаму. Лічу, што ўзорны ўчастковы інспектар міліцыі павінен ведаць усе аб’екты на сваім участку: запраўкі, аўтастаянкі, дзіцячыя сады, школы… Ну і вядома ж, самае асноўнае — быць знаёмым з кожным жыхаром на даручанай яму тэрыторыі.

Браслаўскія ўчастковыя інспектары не раз даказвалі на справе свой прафесіяналізм, а таксама станавіліся лідарамі галіновых спаборніцтваў. У 2017 годзе ўчастковы Дзмітрый Цітоў у складзе абласной каманды прызнаны адным з лепшых у рэспубліцы. Сёлета годна выступіў адразу ў некалькіх спаборніцтвах рэгіёну і ўчастковы інспектар РАУС Мікалай Іваноў.

Па доўгу службы ўчастковымправаахоўнікам даводзіцца мець зносіны з прадстаўнікамі розных сацыяльных слаёў і, на жаль, у асноўным з нядобранадзейнымі сем’ямі, цяжкімі падлеткамі, аматарамі спіртнога і г. д. Трэба знайсці падыход да кожнага з іх. Але ў розных сітуацыях людзі часта шчыра дзякуюць за своечасовую дапамогу, а значыць, праца міліцыянераў не марная.

Напярэдадні свята кіраўніцтва РАУС выказвае словы ўдзячнасці ўсім участковым інспектарам міліцыі за іх нялёгкую працу, за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, жадае ўсім моцнага здароўя, поспехаў у прафесійнай дзейнасці, спакою на даручаных ім участках, шчасця і дабрабыту ў сем’ях. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.