На плячах Анатоля Літвінкі адказнасць за стан звыш 200 кіламетраў дарог рэспубліканскага значэння

Актуальное Люди
Філіял ДЭУ № 34 рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства аўтамабільных дарог «Віцебскаўтадар» за 9 месяцаў бягучага года на 100,2 % выканаў планавыя заданні па бягучым рамонце дарог рэспубліканскага значэння, на 123,7 % — па ўтрыманні дарог, на 150,3 % — па абслугоўванні старонніх заказчыкаў. Станоўчыя вынікі дзейнасці дарожнага ўпраўлення паўтараюцца з году ў год, і яго начальнік Уладзімір Аніськоў лічыць, што найперш у гэтым заслуга умелага арганізатара тэхналагічнага працэсу — галоўнага інжынера Анатоля Літвінкі.

Анатоль Міхайлавіч — ураджэнец Гомельскай вобласці. Там закончыў дарожна-будаўнічы тэхнікум. Авалодваць практычнымі навыкамі атрыманай прафесіі яго размеркавалі на Браслаўшчыну. А пасля службы ў арміі малады спецыяліст вярнуўся на радзіму, паступіў завочна на факультэт фізічнага выхавання Гомельскага ўніверсітэта і працаваў ў школе. Але Браслаўшчына (тут, дарэчы, жыла родная цётка) маніла сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю. Так і аказаўся зноў у краі блакітных азёр: спачатку пераехаў сам, а затым перавёз сюды і сваю маладую жонку — прыгажуню-настаўніцу.

Цяга да дарожнага будаўніцтва перамагла занятак педагагічнай дзейнасцю. Шмат гадоў Анатоль Літвінка адпрацаваў у сістэме меліярацыі, дарэчы, як прараб будаваў беларуска-латвійскую мяжу, і вось ужо 18 гадоў на пасадзе галоўнага інжынера ДЭУ-34 ён нязменна нясе на сваіх плячах цяжар адказнасці за стварэнне належных умоў для бяспечнага руху па аўтадарогах. За гэты працяглы час не было ніводнага выпадку, каб у выніку ДТЗ яго прычына была «спісана» на недахопы работы дарожнай службы.

— У выніку аварыі нярэдка бывае, — кажа Анатоль Міхайлавіч, — што ўдзельнікі ДТЗ спрабуюць перакласці віну на дарожнікаў, але звычайна расследаванні заканчваюцца канстатацыяй таго факта, што самі вадзіцелі парушылі пэўныя пункты Правілаў дарожнага руху. Не буду крывіць душой, — працягвае галоўны інжынер, — пратаколы на майстроў за існаванне «крытычных» ямак здараюцца, нягледзячы на тое, што больш за 200 км сваіх дарог рэгулярна патрулюе машына з СОМС (сумесь аргана-мінеральная складзіруемая), якой можна выраўноўваць ямкі і пры мінусавой тэмпературы.

Акрамя догляду пакрыцця аўтадарог і палос адводу, няўхільна сочаць дарожнікі і за бяспекай руху праз масты. Так, сёлета ДЭУ-34 уласнымі сіламі адрамантавала мост у в. Новы Пагост Мёрскага раёна: цалкам разабралі, з 6-і да 8-і метраў павялічылі яго шырыню, устанавілі ацынкаваную агароджу, апоры і кансольныя бэлькі апрацавалі інгібітарам — рэчывам, якое абараняе збудаванне ад уздзеяння салявых раствораў.

Цяпер да чарговага абслугоўвання моста можна вяртацца праз 5 гадоў.

Раней рамонтам і будаўніцтвам мастоў займалася спецыялізаваная брыгада «Віцебскаўтадара». Цяпер жа гэты абавязак ускладзены на плечы яго філіялаў. Галоўны інжынер ДЭУ-34 і з гэтай задачай паспяхова спраўляецца. Мабыць, таму кіраўніцтва галаўнога прадпрыемства вырашыла даручыць менавіта гэтаму філіялу рэалізацыю пілотнага праекта: у тым жа Мёрскім раёне каля в. Апанасёнкі замяніць аварыйнае плітачнае пакрыццё моста на ацынкаваную гафрыраваную трубу.

Калі рэалізацыя гэтага новага для Віцебскай вобласці характару рамонту пройдзе паспяхова, то па такой тэхналогіі будуць аднаўляць усе малыя масты, што зменшыць затраты на іх узвядзенне і абслугоўванне без змяншэння прапускных магчымасцей вады.

Адным словам, кіраўніцтва РУП «Віцебскаўтадар», дзякуючы вопыту і спрактыкаванасці галоўнага інжынера ДЭУ-34, давярае яму быць першапраходцам у асваенні новых тэхналогій. Нездарма ж ён за 18 гадоў шчырай працы мае шмат грамат і падзяк і ад галаўнога прадпрыемства, і ад Міністэрства транспарту і камунікацый. А сёлета Анатоль Літвінка узнагароджаны і нагрудным знакам «Ганаровы дарожнік Беларусі» другой ступені.

Сам жа Анатоль Міхайлавіч наконт прызнання яго заслуг у дарожным будаўніцтве сціпла кажа: «Працаваць поплеч з дырэктарам ДЭУ-34 пашанцавала. Уладзімір Аніськоў валодае зайздроснымі здольнасцямі здзяйсняць агульнае кіраўніцтва, згуртоўваць калектыў як падчас выканання вытворчых заданняў, так і ў грамадскіх справах, у вольны час. Я ж на гэтым фоне імкнуся дасканала сачыць за нюансамі тэхналагічных працэсаў». ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *