Захоўваем традыцыі: РЦК рэалізуе праект «Кулінарная спадчына Браслаўшчыны»

В свободное время Год малой родины
Браслаўскі РЦК ужо на працягу некалькіх месяцаў ажыццяўляе праект, прысвечаны традыцыйным стравам раёна. Яго супрацоўнікі ўжо апыталі каля сотні браслаўчан і запісалі не менш за 90 рэцэптаў…

— А чаму б не даць старадаўнім стравам новае жыццё? Тым больш наш рэгіён цікавы тым, што тут здаўна жывуць людзі розных нацыянальнасцей са сваімі традыцыямі. Вядома ж, гэта не магло не адбіцца на гісторыі раёна, тым больш у кулінарнай спадчыне, бо гаспадыні ж звычайна дзеляцца адна з адной сваімі рэцэптамі, — расказвае аўтар ідэі і куратар праекта, метадыст РЦК Вольга Букіс. — У выніку ўзнікла памкненне стварыць кулінарны зборнік з гістарычнымі даведкамі, фотаздымкамі і працэсам прыгатавання. Дарэчы, запісалі і шмат пасляваенных рэцэптаў, якія цяпер не выкарыстоўваюцца ў сучасным жыцці, аднак было вырашана занесці іх у зборнік.

Для збірання матэрыялаў давялося пабываць у большасці населеных пунктах раёна, заязджалі нават у аддаленыя хутары. Немалую дапамогу аказалі і работнікі культуры з розных устаноў Браслаўшчыны. Напрыклад, культработнік з Друйска Марыя Гедройц правяла 8 майстар-класаў па прыгатаванні страў, вельмі адказна падышла і Марыя Блажэвіч з Казян, якая знайшла гаспадынь, ахвотных падзяліцца рэцэптамі.

Даволі складана ўгаварыць людзей сфатаграфавацца падчас гатоўкі ці зняцца на відэа, таму часта мы гатуем разам, а пасля здымаем канчатковы варыянт, — працягвае Вольга. — Аднак бываюць выпадкі, калі рэцэпт захаваўся, а чалавека, які ведаў пэўныя нюансы прыгатавання стравы, ужо пайшоў жыцця, таму даводзіцца самім узнаўляць і гатаваць.

Падчас вывучэння кулінарнай спадчыны В. Букіс высветліла некалькі цікавых момантаў. Напрыклад, фаршыраваны шчупак, які лічыцца фірменнай браслаўскай стравай, прыйшоў да нас з габрэйскай кухні. Тыя ж рыбныя клёцкі, якія часта гатуюць на Браслаўшчыне, маюць некалькі розных варыянтаў, аднак у Друі, Відзах, дзе да вайны жыло шмат габрэяў, пашыраны рэцэпт з дабаўленнем малака, што не характэрна для беларускага стала.

Каб пазнаёміць грамадскасць з кулінарнай спадчынай, у Інтэрнэце завялі суполку «Кулінарная спадчына Браслаўшчыны», дзе выкладаюцца відэарэцэпты з пакрокавым прыгатаваннем. Напрыклад, ужо можна паглядзець ролікі пра вясельны дэсерт і ройку (кішка з дранай бульбай).

Паралельна збіранню страў ідзе іх апрацоўка для таго, каб пачаць вярстаць зборнік. Знайшліся і ахвотныя дапамагаць у справе, гэта грамадская арганізацыя «Будзьма беларусамі» і мясцовыя актывісты. Плануецца, што ў зборнік увойдуць каля 70 рэцэптаў з гістарычнай даведкай паходжання стравы і апісаннем яе прыгатавання. ■

Алена НАБЕЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *