Браслаўскі раён з рабочым візітам наведала дэлегацыя Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь

Актуальное Международное сотрудничество
У яе складзе былі першы сакратар Пасольства Магдалена Сідаровіч і саветнік Аркадыуш Сарна.

Падчас двухбаковых перагавораў, у якіх ад нашага рэгіёну ўдзельнічала кіраўніцтва раёна, а таксама былі запрошаны прадстаўнікі нацыянальнага парка, грамадскіх і дзелавых колаў, размова ішла пра пашырэнне накірункаў і маштабаў супрацоўніцтва.

Старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін у прывітальным слове адзначыў, што ўзаемадзеянне Браслаўшчыны з польскім бокам мае даволі багатую гісторыю і значныя вынікі. «На гэтым фоне важна не проста развіваць супрацоўніцтва, але і шукаць такія яго формы, якія б былі цікавыя і выгадныя абодвум бакам», — сказаў ён.

І такія накірункі ёсць. Размова ідзе пра турыстычны патэнцыял нашага раёна. Чаму ў яго развіцці зацікаўлены браслаўчане, думаю, тлумачыць не трэба. Палякі ж, якія таксама праяўляюць інтарэс да гэтай сферы, дзейнічаюць у рамках сяброўскіх дамоўленасцей, дасягнутых раней. Пэўны адбітак накладае і гістарычны аспект: у вядомы перыяд Браслаўшчына была развітым цэнтрам воднага турызму.

У гэтым русле і ішлі перагаворы. Браслаўчане прапанавалі працягнуць распачатую справу па адраджэнні ў нас паруснага, а таксама развіцці іншых відаў воднага спорту. Акрамя таго, абмяркоўвалася магчымасць стварэння сумеснага прадпрыемства па вырошчванні дзікіх траў, у чым, дарэчы, зацікаўлены бізнесколы абедзвюх краін.

«Станоўчы вопыт узаемадзеяння ў нас ужо ёсць, — адзначыла першы сакратар польскага Пасольства Магдалена Сідаровіч. — Таму сёння трэба думаць пра новыя ідэі і шляхі іх рэалізацыі, а супрацоўніцтва польскі бок мае намер працягваць, у тым ліку падтрымліваючы сферу турызму».

Словам, сустрэча атрымалася канструктыўнай. У яе рамках дасягнуты шэраг новых перспектыўных дамоўленасцей, рэалізацыя якіх тым не менш — справа няхуткая і ўвогуле няпростая. Аднак імкнуцца да гэтага трэба: дарогу адолее толькі той, хто ідзе. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.

Фота аўтара.