Абапіраючыся на вопыт еўрапейскай свінагадоўлі, ці Як СВК «Маяк Браслаўскі» дасягае высокіх паказчыкаў

Экономика и финансы
У сучасных умовах атрымаць высокую рэнтабельнасць вытворчасці сельгаспрадукцыі той ці іншай галіны можна толькі пры ўкараненні самых перадавых тэхналогій. Пры гэтым важна, каб захаванасць усяго ланцуга тэхналагічнага працэсу разумелі і былі зацікаўлены ў ім усе, хто задзейнічаны ў гэтым комплексе работ: ад кіраўніка да кожнага з працаўнікоў.

Менавіта такога прынцыпу прытрымліваюцца на свінакомплексе СВК «Маяк Браслаўскі». Прывяду да прыкладу некалькі лічбаў. За 9 месяцаў бягучага года па ўсіх каналах збыту гаспадарка рэалізавала 3 180 тон свіней у жывой вазе, або на 7 % больш, чым летась. Прыбытак ад іх рэалізацыі склаў 1 107 тыс. рублёў пры рэнтабельнасці 16 %.

Зразумела, галоўным генератарам укаранення сучасных (заўважце) еўрапейскіх тэхналогій з’яўляецца загадчыца комплексу, намеснік старшыні праўлення сельгаскааператыва па свінагадоўлі Людміла Арцем’ева, якая не толькі безупынна шукае і вывучае новаўвядзенні ва ўзначальваемай ёй галіне, а і заражае гэтым увесь калектыў. Людзі ахвотна бяруцца ўкараняць у практыку яе ідэі. Пэўна, адсюль і штогадовыя поспехі працаўнікоў гэтай фабрыкі па вытворчасці свініны.

Напрыклад, падчас апошняй нашай сустрэчы Людміла Антонаўна расказвала пра ветслужбу комплексу і пазнаёміла з галоўным ветурачом Яўгенам Ракіцкім.

— Наша работа, — гаварыла Л. Арцем’ева, — у першую чаргу ацэньваецца па атрыманых прывагах, выхадзе парасят на свінаматку, рэнтабельнасці і продажах. І, як правіла, па гэтых паказчыках мы падсумоўваем работу аператараў усіх цэхаў вытворчага працэсу. Аднак ёсць у нас яшчэ і служба «байцоў нябачнага фронту», менавіта без якіх немагчыма было б дабівацца высокіх паказчыкаў. Гэта нашы ветэрынары.

Пра нюансы работы ветслужбы расказаў Яўген Валер’евіч.

— Наогул, — казаў ён, — існуюць два шляхі выканання вытворчых паказчыкаў. Першы — памяншэнне пагалоўя, але павелічэнне тэрміну ўтрымання свіней. А другі, па якім ужо некалькі гадоў ідзём мы, вывучыўшы станоўчы вопыт еўрапейскай свінагадоўлі, наадварот, павелічэнне пагалоўя за кошт скарачэння тэрмінаў іх вырошчвання. Эканамісты падлічылі, што найбольшая выгада атрымліваецца, калі свінні гадуюцца ўсяго пяць месяцаў. Як ветурач таксама лічу гэта апраўданым, бо справа ў тым, што чым даўжэй свіння расце, тым часцей пачынае хварэць, а гэта рызыка павелічэння падзяжу і немалыя траты грошай на лекі.

У першую чаргу імкнуся вучыць падначаленых асвойваць новыя падыходы — ад выяўлення хворай жывёлы да яе лячэння. Як кіраўнік службы распрацоўваю схемы вакцынацыі, кантралюю яе правядзенне, строга сачу за закупкамі і тэрмінамі прымянення лекавых прэпаратаў, увогуле, так сказаць, «трымаю руку на пульсе кожнага парасяці». Зразумейце, што пры сучасных метадах вызначэння якасці свініны нельга карыстацца застарэлымі метадамі лячэння і прафілактыкі захворванняў. Таму мы крочым у нагу з часам і пераходзім на вакцыны на расліннай аснове ці тыя, што доўга не затрымліваюцца ў арганізме.

А цяпер уявіце сабе статак свіней у 24 тысячы галоў. Няхай сабе ўсе яны ўтрымліваюцца ў паўтара дзясятка цэхаў, але ж, каб нават на кожнага паглядзець, спатрэбіцца не адна гадзіна. А наша служба і пачынае з гэтага сваю работу. Прычым не з самага прыемнага. У першую чаргу выяўляем падзеж (пры такім пагалоўі гэта непазбежны працэс) і хворую жывёлу. Першыя — утылізуюцца, другія — лечацца.

Цэхі супаросных свінаматак — нашы аб’екты павышанай увагі. Вядома, што добры падсвінак вырасце хутка толькі са здаровага парасяці. Нованароджаных ветфельчары і ветсанітары разам з аператарамі песцяць з першых хвілін з’яўлення на свет. Падпілаваць іклы, купіраваць хвасты, злягчыць парсючкоў, правесці ўвесь цыкл вакцынацый — на што яны мастакі. А ад гэтага залежыць захаванасць і рост пагалоўя ў далейшым, што і з’яўляецца перспектывай рэнтабельнасці ўсяго вытворчага працэсу.

У заключэнне хачу прывесці і яшчэ адзін цікавы факт наконт зладжанасці ў рабоце гэтага дружнага калектыву. У выніку размовы з Яўгенам Ракіцкім зразумела, што ён ахвотна дзеліць поспехі ветэрынарнай службы з ветфельчарамі, санітарамі, начальнікамі ўчасткаў, аператарамі, слесарамі, энергетыкамі і з усімі, хто працуе разам. Гэта каторы раз пацвярджае, што толькі здароваму калектыву аднадумцаў па сіле паспяховая праца. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.