Якія загадкі ёсць у возера Божае Вока?

Год малой родины Калейдоскоп
Гэтае невялічкае азярцо непадалёку ад вёскі Шавуры ўжо стало браслаўскай славутасцю. Рэдкі турыст падчас вандроўкі не заедзе сфатаграфавацца на яго фоне. Тым не менш да сённяшняга дня практычна не існуе даступнай інфармацыі пра яго…
СПРОБА ПЕРШАЯ

Мясцовы краязнавец і педагог Кансталінскай школы Віктар Бунта разам з вучнямі напісалі даследчую працу «Возера Божае Вока — новы блакітны сімвал Беларусі», для напісання якой шмат вывучалі сціплыя радкі некаторых выданняў, дзе ўпамінаецца яно, гутарылі з жыхарамі навакольных вёсак, правялі дзве экпедыцыі. Яны высветлілі, што возера Божае Вока так пачало называцца з лёгкай рукі вядомага фатографа Сяргея Плыткевіча, які адкрыў яго прыгажосць шырокай публіцы.

Тутэйшыя людзі яго называюць Чортава Вока, Балаціна, Возера на павароце. Тлумачэнне назвы «Чортава Вока» даюць даследчыцы Людміла Дучыц і Ірына Клімковіч у кнізе «Сакральная геаграфія Беларусі». Яны лічаць, што назва звязана са старажытным балцкім бажаством.

Падчас экспедыцый была таксама спроба высветліць паходжанне катлавіны возера. Адна з гіпотэз пакуль найбольш верагодная: яно ўтварылася на месцы вадаспаду ледавіка. У імкненні знайсці яшчэ даныя гідраграфіі даследчыкі з Кансталіны звярталіся нават у навукова-даследчую лабараторыю азёразнаўства Белдзяржуніверсітэта, але там паведамілі, што яно з-за сваіх невялікіх памераў не вывучалася. Таму супрацоўнікі на чале з загадчыкам Барысам Уласавым прыязджалі сюды летам для азнаямлення з возерам і паабяцалі вярнуцца зімой для больш поўнага вывучэння. Яшчэ В. Бунта са школьнікамі прыйшлі да высновы, што наяўнасць легенд, традыцыя святкаваць Купалле на схіле возера дазваляе вылучыць меркаванне пра існаванне тут старажытнага язычніцкага свяцілішча (капішча). На думку Людмілы Дучыц, аўтара кнігі «Язычніцтва старажытных беларусаў», гэта дастаткова верагодная гіпотэза, якая патрабуе пацверджання археалагічнымі раскопкамі.

СПРОБА ДРУГАЯ

На пачатку лета ў адной з сацыяльных сетак у Інтэрнэце з’явілася аб’ява з запрашэннем усіх жадаючых прыняць удзел у экспедыцыі да возера Божае Вока ад мінчанкі Алены Шэўчык. Яна зацікавілася возерам выпадкова. Напачатку ўбачыла фотаздымкі Сяргея Плыткевіча, пасля прыехала дзеля таго, каб вывучыць расліны, якія растуць па беразе, пачала шукаць інфармацыю пра возера… Алена так зацікавілася, што ў хуткім часе знайшла аднадумацаў і спецыялістаў не толькі з Браслаўшчыны, але і іншых гарадоў.

«Мне пашчасціла пазнаёміцца з Ірынай Клімковіч і яе сям’ёй. Яны маюць жыллё непадалёку ад возера і прыязджаюць на адпачынак, таксама дапамагаюць нам. На дадзены момант на возеры пабывалі археолагі, батанік, — расказала Алена Шэўчык. — Разам з тым у нас узнікла ідэя зарэгістраваць грамадскае аб’яднанне «Браслаў сакральны». Сваёй кампаніяй мы падалі заяўку на конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend і прайшлі ў лік 20 фіналістаў, што дае нам магчымаць выйграць грошы на далейшую рэалізацыю нашых задум».

А іх у каманды Алены Шэўчык шмат, напрыклад, вывучыць склад вады, флору і фаўну і інш. Дзеля гэтага Алена пазнаёмілася з краязнаўцамі Браслаўшчыны, выйшла на супрацоўнікоў Інстытута комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, якія таксама выказалі сваю зацікаўленасць праектам. Нядаўна на возеры пабывалі дайверы з віцебскага клуба «Сталкер». Яны спусцілі лодку і на працягу трох гадзін вывучалі акваторыю з дапамогай спецыяльнай тэхнікі, здымалі фота і відэаматэрыялы. Ёсць яшчэ дайверы з Мінска, якія не супраць прыехаць і тут папрацаваць. «Цяпер мы будзем вывучаць атрыманую інфармацыю, напрыклад, ужо высветлілася яго максімальная глыбіня — 7 метраў 70 сантыметраў, вядома, што там двайное дно. Акрамя гэтага, плануем папрацаваць з рознымі картамі, архівамі Польшчы, Літвы. Магчыма, там знойдзем нешта цікавае», — адзначыла Алена.

У сваю чаргу мы будзем з цікавасцю сачыць за даследаваннямі і па магчымасці інфармаваць сваіх чытачоў пра іх вынікі. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.

Фото из открытых источников.