Дзень аўтамабіліста і дарожніка! Чым жыве АТП № 18

Главное
Бягучы год для аўтатранспартнага прадпрыемства № 18, філіяла ААТ «Віцебскаблаўтатранс», складваецца даволі паспяхова. АТП № 18 выконвае асноўныя вытворчыя паказчыкі, працуе з прыбыткам, не мае запазычанасці перад бюджэтам і крэдыторамі. Рост прадукцыйнасці працы апераджае рост заработнай платы, якая, дарэчы, своечасова выплачваецца.

На здымку:  Раман Сцефановіч — яшчэ малады вадзіцель. Ён прыйшоў у АТП-18 пасля службы ў арміі і працуе на самазвале пяты год, але і за гэты час зарэкамендаваў сябе як спецыяліст, які дасканала ведае і ўмела абслугоўвае даручаную яму тэхніку, бездакорна выконвае вытворчыя заданні. Цяпер з групай таварышаў ён заняты на будаўніцтве лясной дарогі вакол сафары-парка.

Летась аўтобусны парк абнавіўся васьмю «МАЗ241», а сёлета прадпрыемства за ўласныя сродкі закупіла і мікрааўтобус «Мерседэс Бэнц Спрынтар», абсталяваны кандыцыянерам і wi-fi. Гэтая прыемная акалічнасць, безумоўна, не магла не пакінуць свой адбітак на якасці перавозкі пасажыраў, з аднаго боку, а з другога — стварыла здаровую канкурэнцыю прыватным перавозчыкам на маршруце Браслаў — Мінск. Пасажыраабарот за 9 месяцаў перасягнуў планавыя паказчыкі і склаў 110 % да ўзроўню адпаведнага перыяду мінулага года пры абслугоўванні чатырох гарадскіх маршрутаў, 18-і прыгарадных і здзяйсненні міжгародніх рэйсаў у Наваполацк, Віцебск і Мінск.

Грузаабарот таксама павялічыўся, тэмп росту — 118 %. Дваццацітонныя самазвалы працавалі і працуюць на будаўніцтве лясных дарог для нацыянальнага парка, былі заняты на рэканструкцыі пункта пропуску ва Урбанах, торфабрыкетнага завода. Нарыхтоўвалі самазвалы АТП № 18 пясчана-гравійную сумесь для мясцовага ДРБУ-142, перавозілі збожжа сельгаспрадпрыемстваў.

Кіраўніцтва АТП-18 задаволена, калі работа для грузавога транспарту знаходзіцца на месцы, бо праца на аб’ектах у камандзіроўках заўжды нясе дадатковыя расходы, з-за вялікай адлегласці ад уласнай базы ўзнікаюць цяжкасці з рамонтам аўтамабіляў.

Пяць велікагрузных аўтамабіляў здзяйсняюць міжнародныя перавозкі. Асноўны накірунак на міжнародным рынку — перавозка грузаў паміж краінамі Балтыі і Беларуссю. І гэты спектр дзейнасці філіял працягвае развіваць. Сёлета тут набылі яшчэ цягач «МАЗ-5440» і паўпрычэп. У выніку тэмп росту экспарту паслуг за 9 месяцаў склаў 152 % да узроўню мінулага года.

У АТП № 18 упэўнены, што і год іх прадпрыемства завершыць са станоўчымі вынікамі, бо кожны з 77 работнікаў шчыра стараецца ўносіць свой уклад у агульную справу, таму заслугоўвае павагі. А вось сярод тых, каго варта ў першую чаргу назваць пайменна, гэта вадзіцелі грузавога парку Анатоль Джанкоў і Іван Турок, узнагароджаныя нагрудным знакам «Ганаровы транспартнік». Узорным выкананнем сваіх абавязкаў падаюць прыклад іншым Уладзіслаў Шыман, Міхаіл Юхно, Раман Сцефановіч, Алег Мікуцкі, а таксама майстар на ўсе рукі — слесар па рамонце аўтамабіляў Анатоль Апанчонак. ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.