20 весляроў, барабаншчык і рулявы. Уздоўж беларуска-літоўскай мяжы спаборнічалі на лодках «Дракон»

Новости
Мінулыя выхадныя на Браслаўшчыне прайшлі пад знакам спорту. Пакуль мясцовыя сельскія дарогі ў чарговы раз часова сталі ралійнымі допамі (дарэчы, рэпартаж чытайце ў гэтым жа нумары), на самай мяжы з Літвой разгортвалася дзейства, якога наша зямля, а дакладней вада, яшчэ не бачыла.

У суботу на возеры Дрысвяты (Друкшай) прайшлі першыя для нас міжнародныя спаборніцтвы па веславанні на лодках «Дракон».

Мерапрыемства ладзілася па ініцыятыве беларускай суполкі ў літоўскім Вісагінасе пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літве. Яго мэта — умацаванне сяброўскіх сувязей паміж дзвюма краінамі і папулярызацыя даволі незвычайнага віду спорту.

У вызначаны час у акваторыю Дрысвят выйшлі дзве каманды: па 22 чалавекі ў кожнай. Экіпаж лодкі, стылізаванай на кітайскі манер, аднак падобнай пры гэтым на гіганцкую байдарку, складаўся з 20 весляроў, барабаншчыка і рулявога. Яскрава, відовішчна і вельмі незвычайна!

Самі спаборніцтвы, якія па сутнасці былі гонкамі, праходзілі ўздоўж беларуска-літоўскай мяжы пад пільным наглядам пагранічнікаў з абодвух бакоў. Кожная каманда павінна была ісці толькі па сваёй тэрыторыі. На старт, увага, марш! Бой барабанаў, шум вады і воклікі спартсменаў зліліся ў адно цэлае — у каманд наперадзе была дыстанцыя ў адзін кіламетр. Што дакладна адбывалася літаральна на сярэдзіне немалога возера, з берага было не разабраць. Аднак хутка тэлефонны званок прадстаўніку беларускага пасольства ў Вільнюсе развеяў інтрыгу — перамаглі беларусы. У складзе ж нашай каманды, дарэчы, як і літоўскай, былі прафесіянальныя спартсмены. Узначальваў беларускую зборную не хто іншы, як Андрэй Багдановіч, алімпійскі чэмпіён Пекіна-2008 па веславанні на байдарках і каноэ.

На беразе пераможцаў сустракалі радаснымі крыкамі: «Віншуем!». Тут жа іх ужо чакаў кубак і невялічкі памятны прыз. Медалі ж ад арганізатараў спаборніцтваў яны атрымалі прама пасярод Дрысвят. Павіншаваць беларускую каманду прыехала і кіраўніцтва раёна.

Старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін падзякаваў спартсменам за падораныя эмоцыі і відовішчнасць, выказаў спадзяванне, што такія спаборніцтвы стануць добрай традыцыяй і адзначыў той факт, што закрыццё навігацыйнага сезона сёлета прайшло надзвычай прыгожа.

Такім чынам, Браслаўшчына ў чарговы раз пацвердзіла статус пляцоўкі для развіцця міжнароднага супрацоўніцтва. І хто ведае, можа ў той дзень на памежным возеры зарадзілася новая, ні на што не падобная форма ўзаемаадносін дзвюх краін, якая, хочацца верыць, будзе толькі развівацца. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.

Фота аўтара.