У браслаўскім музеі традыцыйнай культуры адкрылася выстава абразоў

Отдых
Супрацоўнікі музея традыцыйнай культуры заўсёды радуюць браслаўчан выстаўкамі. На гэты раз яны запрасілі да сябе ў госці мастачку з Маладзечна Ядзвігу Сянько.

Творчасць гэтай жанчыны звязана з напісаннем абразоў. Яна стварыла больш за 2 000 работ, якія знаходзяцца ў Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы, Германіі, краінах Балтыі. Ёсць адна і на Браслаўшчыне: копія абраза Маці Божай Валадаркі Азёр, якая знаходзіцца ў браслаўскім касцёле і выстаўляецца на палявым алтары. Тым не менш мастачка ўпершыню аказалася ў Браславе і была ўражана ўбачаным.

— Мне вельмі спадабалася ваша прырода, яна натхняе. Браслаўчане таксама добрыя і творчыя людзі, — падзялілася Ядзвіга Сянько падчас адкрыцця выстаўкі ў МТК. — Мяне радуе, што атрымалася выставіць свае працы ў вашым горадзе. І ведаеце, я ганаруся тым, што мне быў аказаны гонар напісаць абраз для Браслава.

Мастачка з задавальненнем расказала прысутным пра творчасць і свой шлях станаўлення як аўтара абразоў. Высветлілася, яна піша на біблейскія матывы і для каталікоў, і для праваслаўных. Гэта, дарэчы, бачна па работах, прадстаўленых на выстаўцы. Я.Сянько мае благаславенне Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Мастачка шмат супрацоўнічае з каталіцкімі і праваслаўнымі храмамі, карціннай галерэяй, кнігарнямі «Духоўная кніга» ў Мінску і Гродна. Аднак яна піша не толькі абразы, а таксама нацюрморты і пейзажы. Праўда, з адценнем рэлігійных матываў. Напрыклад, цяпер у Пружанах знаходзіцца выстаўка «Кветкавы рай», якая, магчыма, прыедзе выстаўляцца і да нас.

— Кожны раз, калі да мяне вяртаюцца мае працы пасля вандроўкі, я рамантую рамы, зноў запаковываю іх і адпраўляю ў новыя выставачныя залы, каб як мага больш людзей рознага ўзросту маглі дакрануцца да духоўнасці і творчасці, — адзначыла на развітанне мастачка. — Мая ж галоўная мэта — прыносіць людзям радасць і надзею, што дабро, міласэрнасць і вера ў Бога выратуюць свет.

Выстаўка будзе працаваць у МТК да канца лістапада, пасля чаго адправіцца ў суседнія райцэнтры. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.