Марыя Дворская і Ірына Высоцкая — лаўрэаты абласной выставы-конкурсу майстроў

Люди
Высокі ўзровень валодання аўтэнтычнымі рамёствамі чарговы раз пацвердзілі супрацоўнікі Браслаўскага музея традыцыйнай культуры.

Абласная выстава-конкурс майстроў вышыўкі сарочкі і фартуха «Чароўная нітка – 2018» сабрала розныя ўзоры вышыўкі ў народных строях Лепельскага, Сенненскага, Бешанковіцкага, Дубровенскага, Аршанскага і іншых раёнаў вобласці. Майстрыхі прадстаўлялі лепшые свае работы, зробленыя ў адметных мясцовых традыцыях.

Вышыўку Браслаўскага раёна абаранялі вопытныя Марыя Дворская і Ірына Высоцкая. Абедзве жанчыны маюць багатыя веды і валодаюць тонкасцямі гэтага майстэрства. Аднак хоць на конкурс яны аддалі толькі па некалькі вырабаў, у той час як майстры з іншых раёнаў прывозілі цэлыя ўборы, іх віртуознае валоданне ніткай і іголкай кампетэтнае журы не змагло не заўважыць.

Вынік абласного мерапрыемства — прызавыя месцы! Марыя Дворская заняла трэцяе месца ў намінацыі «За дасканалае валоданне тэхнікай маршчэння ў аздабленні сарочак», а таксама разам з Ірынай Высоцкай — другое ў намінацыі «За дасканалае валоданне тэхнікай процягу ў аздабленні сарочак і фартухоў».

Гэтая навіна якраз напярэдадні прафесійнага свята — Дня работнікаў культуры — стала цудоўным падарункам не толькі для майстрых, але і для ўсяго музея традыцыйнай культуры. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.