У лістападзе на тэлеканале «Беларусь 3» выйдзе ў эфір перадача пра браслаўскія клёцкі

Новости
Нядаўна на Браслаўшчыне здымалі тэлеперадачу «Жывая культура», якую можна будзе паглядзець у лістападзе на канале Беларусь 3. «Браслаўская звязда» разам з тэлевізіёншчыкамі таксама пацікавілася рэцэптамі страў, якія гатуюць у нашай мясцовасці, асабліва тымі, што перадалі нам продкі.

У мінулым годзе быў складзены спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, у які ад Віцебскага рэгіёна ўвайшлі клёцкі. Менавіта пра іх і ішла гаворка.

Цікава тое, што клёцкамі ў нашых мясцінах называюць абсалютна розныя стравы. Адны кажуць, што іх гатавалі з дранай бульбы, іншыя сцвярджаюць, што патрэбна прэснае цеста. Клёцкі на Браслаўшчыне часцей за ўсё вараць, але бываюць яны і смажаныя. Начынне таксама падбіраюць самае рознае: хтосьці банальна кладзе фарш, а нехта крапае іх нарэзаным мясам, салёным салам, скваркамі і нават сухімі грыбамі.

На працягу двух дзён сталічныя госці высвятлялі ўсе тонкасці прыгатавання клёцак на Браслаўшчыне, гатавалі іх з гаспадынямі з Казян, Баравых, Маскавічаў і Друйска і, безумоўна, спрабавалі гатовыя стравы. У перадачы гаспадыні падзеляцца рэцэптамі і сваімі сакрэтамі прыгатавання любімых многімі клёцак.

Аказваецца, што ўсё ж такі класічныя клёцкі на Браслаўшчыне — вараныя камы з душамі, якія робяцца з адціснутай бульбяной дранкі і начыняюцца нарэзаным нажом фаршам. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.