Рэпартаж са спаборніцтваў па лоўлі драпежнай рыбы з лодак «Браслаўскі спінінг – 2018»

Отдых
Традыцыйныя восеньскія спаборніцтвы па лоўлі драпежнай рыбы з лодак «Браслаўскі спінінг – 2018» прайшлі на возеры Струста ў мінулую суботу.

Удзел у іх прынялі 16 экіпажаў. Акрамя браслаўчан, паспытаць шчупаковай удачы пажадалі і дзве мінскія каманды, у тым ліку «ПФ», якая ўдзельнічае ў чэмпіянаце Беларусі па лоўлі спінінгам, і паляк Гжэгаш Богдан.

Па сігнале галоўнага суддзі экіпажы з кідкімі назвамі, такімі як «Браслаўскія мядзведзі», «Супраць прамлову», «Рыбалоўны спецназ», «100 пудоў», зранку разышліся па акваторыі возера.

З берага было бачна, як лодкі перасякаюць водныя прасторы ў пошуках драпежніка. Але, нягледзячы на прыемны восеньскі дзянёк, шанцавала далёка не ўсім: у вызначаны час вярнулася на бераг з уловам толькі роўна палавіна каманд. І ў такім выніку няма нічога дзіўнага, бо водная стыхія, як і космас, бязмежная і непрадказальная. Рыбаловы-аматары не толькі розумам, але і душой успрымаюць гэтую ісціну, таму, мабыць, я і не заўважыў засмучаных твараў.

Пасля ўзважвання ўловаў судзейская калегія падсумавала вынікі спаборніцтваў. У камандным заліку з агульнай вагой 4,91 кг перамаглі «Браслаўскія мядзведзі» ў складзе Паўла Валушкі і Андрэя Пятушкі. П. Валушка перамог і ў асабістым першынстве ў намінацыях «Самы вялікі ўлоў» (па вазе) і «Самы вялікі ўлоў» (па адзінкавых экзэмплярах). Ён злавіў аж 4 шчупакоў. Такім чынам, можна смела сказаць, што на сёлетнім «Браслаўскім спінінгу» Павел аказаўся самым удачлівым спінінгістам.

Следам за пераможцамі на ступеньку п’едэстала ўзнялася каманда «Меліярацыя» (3,850 кг) у складзе Юрыя Леўшы і Віктара Гаспаровіча. Апошні, дарэчы, вывудзіў са струсцянскіх глыбіняў самага вялікага шчупака — 3,850 кг. Трэцяе месца ў камандным заліку дасталося «Парусу». Улоў Валерыя Шалыгі і яго напарніка Бешлы Аглы Іслама «пацягнуў» на 2,295 кг. У намінацыі «Самая ўдачлівая жанчына-рыбалоў» перамагла Алена Агапотава. Яна злавіла шчупака вагой 1,195 кг.

Пад апладысменты прысутных РФСК «Дрывяціч» узнагародзіў намінантаў «Браслаўскага спінінга» граматамі і кубкамі, а нацыянальны парк — памятнымі падарункамі і гадавымі пуцёўкамі на рыбную лоўлю. Але яшчэ даволі доўга спінінгісты не разыходзіліся, пад духмяную юшку, прыгатаваную РФСК, абменьваліся ўражаннямі дня. ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара