Беларусь — лепшая. Ці паспрыяла дзейнасць браслаўчан у сферы агратурызму для ўмацавання пазіцый рэспублікі

Новости
На мінулым тыдні СМІ паведамілі прыемную для беларусаў навіну: чытачы расійскага National Geographic назвалі нашу краіну лепшай для агратурызму.

Штогод гэта прадстаўніцтва папулярнага ва ўсім свеце часопіса, прысвечанага падарожжам, праводзіць конкурс National Geographic Traveler Awards, які працягваецца тры з паловай месяцы. Падчас анлайн-галасавання турысты выбіраюць у 25 асноўных намінацыях найбольш вартыя ўвагі накірункі сярод самых запатрабаваных відаў адпачынку, у тым ліку сямейнага, аздараўленчага, экскурсійнага, гарналыжнага і прыгодніцкага.

Удзельнічала ў конкурсе і Беларусь, якая перамагла ў рубрыцы «Агратурызм». У гэтай намінацыі званне лепшай краіны атрымаць не так і проста, бо сярод канкурэнтаў (а іх налічвалася каля паўтара дзясятка дзяржаў) было шмат дастойных прэтэндэнтаў на перамогу. Беларусь, набраўшы 50 % галасоў, у лідзіруючай пяцёрцы ўпэўнена абагнала ў рэйтынгу Італію (29 %), Кітай (8 %), Бразілію (7 %) і ЗША (6 %).

Арганізатары конкурсу адзначылі вясковы турызм як адзін з самых прывабных відаў адпачынку ў нашай краіне, што зусім не дзіўна: беларусы пры падтрымцы дзяржавы актыўна асвойваюць і развіваюць гэты напрамак. У рэспубліцы налічваецца ўжо каля 2 300 аграсядзіб, гаспадары якіх знаёмяць турыстаў з сельскім укладам жыцця і мясцовымі традыцыямі.

У нашым раёне гасцей прымаюць у больш як 300 аграсядзібах. Лічба ўражвае, бо ўсяго на Віцебшчыне іх каля шасці соцень. Таму вынікі галасавання прыйдуцца даспадобы тым браслаўчанам, чыя дзейнасць у сферы агратурызму, безумоўна, паспрыяла ўмацаванню й пазіцый Беларусі ў рэйтынгу.

— Прыемна было даведацца, што аматары падарожжаў лічаць нашу краіну лепшай для агратурызму, — кажа гаспадыня адной браслаўскай сядзібы Кацярына Шакель. — Такога прызнання на міжнародным узроўні няпроста дасягнуць. Галасавалі ж людзі, што прыязджалі сюды адпачываць, і іх ацэнка вельмі важная. Вось, напрыклад, на Браслаўшчыну не зусім зручна дабірацца — ад таго ж аэрапорта далёка, ды і нам, мясцовым, трэба прыкладаць больш намаганняў, каб зацікавіць гасцей, у першую чаргу — развіваць інфраструктуру. Але раз турысты да нас едуць, значыць, ім тут падабаецца. ■

Жанна БЯЛЬКО.