Дзень работнікаў культуры. Інтэрв’ю з Юліяй Чагарынай

Новости
Вынікі працы культработнікаў мы бачым штодзённа, наведваючы бібліятэкі, музеі, канцэрты, выстаўкі… Бясспрэчна, гэта неабходная грамадству дзейнасць, якая захапляе людзей шматграннасцю творчасці і дорыць асалоду ад свету мастацтва. Напярэдадні прафесійнага свята начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Юлія Чагарына расказала пра дзейнасць і дасягненні ўстаноў культуры раёна.

Работнікі культуры разам робяць агульную справу — захоўваюць і памнажаюць культурную спадчыну, займаюцца арганізацыяй вольнага часу, асветніцкай дзейнасцю і музычна-эстэтычным выхаваннем. Свой уклад у культуру Беларусі робяць і культработнікі Браслаўшчыны, якія прафесійнае свята могуць сустракаць у прыўзнятым настроі: сёлета за сваю дзейнасць яны не раз атрымлівалі ўзнагароды рознага ўзроўню, укаранілі новыя формы работы і правялі шмат цікавых мерапрыемстваў.

ІНАВАЦЫІ Ў ПРАЦЫ

Супрацоўнікі ўстановы «Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма Браслаўскага раёна» ў гэтым годзе рэалізавалі шэраг інавацыйных праектаў. Толькі ў рамках Года малой радзімы падчас краязнаўчай эстафеты «Беларускае! Роднае! Сваё!» было праведзена больш за 80 мерапрыемстваў. Акрамя гэтага, сёлета ЦБС надрукавала шэраг буклетаў, прысвечаных Браслаўшчыне. Таксама з пачатку 2018 года браслаўскія бібліятэкары пачалі ажыццяўляць праект «Бібліятэка па-за сценамі», у рамках якога яны сустракаюцца з чытачамі ў школах, арганізацыях, на адкрытых пляцоўках. Асабліва трэба выдзеліць міжнароднае супрацоўніцтва бібліятэк. Так, сёлета былі наладжаны партнёрскія стасункі з Даўгаўпілсам і Псковам.

ТВОРЧАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ

Не стаяць на адным месцы і работнікі Цэнтралізаванай клубнай сістэмы. На базе клубных устаноў функцыяніруе 135 фарміраванняў рознай накіраванасці, якія наведваюць 1 365 чалавек. У 2018 годзе паспяхова пацвердзілі пачэснае званне «народны» хор ветэранаў вайны і працы, тэатр РЦК, тэатр гульні «Лёлі», тэатральны калектыў «Маскі» Відзаўскага ДК, рыхтуецца да абароны тэатр мініяцюр «Покер». Нашы калектывы мастацкай самадзейнасці з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемстваў. Толькі сёлета браслаўскія артысты прымалі ўдзел у абласных аглядахконкурсах у Полацку і Мёрах, выступалі ў Глыбокім, Верхнядзвінску, Віцебску, Даўгаўпілсе. Як вынік — абласныя дыпломы другой і трэцяй ступеней, прыз глядацкіх сімпатый і Падзяка за творчую дзейнасць.

ЮБІЛЕІ І ПОСПЕХІ

Паспяховымі вынікамі сваёй дзейнасці ганарацца і ў музычных установах раёна. Педагогі Браслаўскай і Відзаўскай дзіцячых школ мастацтваў і філіялы ўстаноў у Ахрэмаўцах, Друі і Казянах годна нясуць асветніцкую місію — навучаюць дзяцей музыцы, а многія выпускнікі пайшлі па шляху сваіх настаўнікаў і паступілі вучыцца далей. Сёлета браслаўская і казянская ўстановы святкуюць юбілейныя даты — 60-годдзе і 30-годдзе з дня ўтварэння. Юныя музыканты спрабуюць свае сілы ў розных конкурсах і прывозяць адтуль узнагароды. Напрыклад, навучэнец Браслаўскай ДШМ Сцяпан Александровіч прайшоў усе этапы Рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў на народных інструментах імя Іосіфа Жыновіча і прадстаўляў Віцебшчыну ў фінале. Развіваецца і выходзіць на новы ўзровень агляд-конкурс дзіцячай творчасці «Да сонца», да якога далучыліся музычныя ўстановы суседніх раёнаў і Латвіі.

АДРАДЖЭННЕ І ЗАХАВАННЕ

Сёлета спаўняецца 30 гадоў з дня адкрыцця экспазіцыі гісторыка-краязнаўчага музея. Гэтая ўстанова значна пашырыла сваю дзейнасць, а выстаўкі, кірмашы і мерапрыемствы Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў наведваюць больш за 40 тысяч чалавек. Музейныя работнікі не толькі захоўваюць спадчыну, але і актыўна займаюцца праектнай і даследчай працай. Так, у 2018 годзе яны сумесна з браслаўскімі майстрамі працягнулі вывучэнне і адраджэнне традыцыйнага касцюма Браслаўшчыны. Па выніках гэтай працы музейнае аб’яднанне не раз станавілася пераможцам розных конкурсаў, а матэрыялы вывучэння былі ўключаны ў кнігу «Традыцыйнае адзенне Віцебшчыны». ■