Дзяніс Лёўкін, малады настаўнік фізічнай культуры, неабыякавы да дзяцей і іх будучыні

Главное Люди
Усе мы ведаем, як патрэбны сучаснай школе маладыя педагогі, шматгранныя і захопленыя, неардынарныя і таленавітыя. Дзяніс Лёўкін, настаўнік фізічнай культуры СШ № 1, — адзін з тых, каго прынята называць маладымі і перспектыўнымі, бо ў яго ёсць для гэтага важныя якасці — жаданне працаваць і жыць прафесіяй.

Яшчэ вучнем гэтай жа ўстановы адукацыі хлопец сябраваў са спортам і вызначаўся добрай фізічнай падрыхтоўкай. А пад уплывам свайго былога настаўніка Мікалая Дзянісава зразумеў, што спорт — гэта яго стыхія. Таму пасля заканчэння школы паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры. Цікавая вучоба ў сталіцы і магчымасць займацца разнастайнымі відамі спорту толькі ўмацавала ўпэўненасць у правільнасці выбару будучай прафесіі.

Парог спартыўнай залы першай гарадской школы ў якасці настаўніка малады спецыяліст пераступіў чатыры гады таму назад. У калектыў, узгадвае суразмоўца, уліўся адразу. Ды і работа з дзецьмі захапіла. Сёння Д. Лёўкін з вялікім задавальненнем штодзень прыходзіць на ўрокі, займаецца з вучнямі ў спартыўных секцыях і гуртках.

— Зразумела, — кажа настаўнік, — спачатку хваляваўся, але ў хуткім часе пачаў адчуваць сябе больш упэўнена. Прыкладаў усе намаганні, каб урокі падабаліся дзецям і яны разумелі значнасць фізічнай загартоўкі, раслі здаровымі і актыўнымі. Праз паўгода спартыўны абутак педагог змяніў на салдацкія боты. Служба ў арміі толькі больш загартавала юнака як маральна, так і фізічна.

З новым імпульсам Дзяніс вярнуўся ў родную школу. Творчы, актыўны, ён сваім прыкладам штодзень фарміруе ў вучнях навыкі здаровага ладу жыцця, развівае іх фізічныя здольнасці. І вынікі не прымусілі сябе чакаць: за мінулы навучальны год СШ № 1 стала пераможніцай у раённай спартакіядзе, у чым немалая заслуга настаўніка.

Д. Лёўкін, акрамя спартыўных здольнасцей, валодае яшчэ і творчымі. Ён з задавальненнем удзельнічае ў мастацкіх конкурсах, з’яўляецца вядучым школьных і раённых святочных праграм і фестываляў.

Урокі фізкультуры, упэўнены Дзяніс, не толькі ўмацоўваюць здароўе дзяцей, а яшчэ фарміруюць у іх высокія маральныя якасці, трываласць, уменне пераадольваць цяжкасці.

Безумоўна, гэта так. Але галоўнае, каб і настаўнік быў не толькі прафесіяналам, а яшчэ чалавекам, захопленым сваёй справай і неабыякавым да дзяцей і іх будучыні. Як Дзяніс Лёўкін. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.