Каб стварыць унікальны каравай на «Дажынкі», давялося задзейнічаць нават работнікаў музея

Дажынкі-2019
Прыкладна за тыдзень у руплівых працаўніц нашага хлебазавода Аксаны Анкудовіч, Святланы Паўловіч і Марыны Скур’ят пачалася карпатлівая творчая работа над караваем на абласны конкурс, які праводзіўся ў рамках традыцыйнага свята «Дажынкі – 2018» у Верхнядзвінску. Пераможцы яшчэ невядомыя, але і цяпер можна сцвярджаць, што браслаўскі выраб прывабліваў цікавай задумкай і арыгінальнасцю яе выканання.

Здзівіць і не паўтарыцца — такой была задача ў нашых хлебапёкаў. А яшчэ, зразумела, трэба было адлюстраваць адметнасць Браслаўшчыны і спецыфіку свята.

Агульная ідэя кіраўніцтва раёна і хлебазавода ўвасобілася ў шасці кілаграмовым караваі са здобнага цеста. Унізе яго ўпрыгожылі плеценыя косы, беларускі арнамент. Сярэдні ярус адлюстроўваў восеньскую пару: чырвоныя, жоўтыя і зялёныя дрэвы расквецілі каравай рознакаляровымі фарбамі, дапоўнілі тэму збору ўраджаю, нібыта сапраўдныя, каласкі жыта. Дзякуй за дапамогу супрацоўнікам музея традыцыйнай культуры, якія дапамаглі ў рэалізацыі некаторых задумак. Верхняя ж частка экспаната ўвогуле ўражвала ўяўленне: на сініх хвалях плыве ладдзя з ветразем з выявай герба старажытнага Браслава. Дарэчы, ладдзя напоўнена рознымі прысмакамі, што таксама сімвалічна і гаворыць пра гасціннасць нашага краю, які ўжо ў наступным годзе гатовы прыняць шматлікіх гасцей традыцыйнага свята на сваёй зямлі. ■

Вера БУЛАНАВА.