Мікалай Шарснёў: «Мы ўдзячныя нашым хлебаробам». У Верхнядзвінску адсвяткавалі абласныя «Дажынкі»

Новости
Аграрыі Віцебшчыны падвялі вынікі сельскагаспадарчага сезона 2018 года: у Верхнядзвінску прайшоў абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі».

Год быў вельмі няпростым. Поўнач Беларусі ў прынцыпе ўваходзіць у зону так званага рызыкоўнага земляробства, і ў гэтым сезоне прырода падкідвала аграрыям рэгіёну сюрпрыз за сюрпрызам. Ранняя, але сухая вясна, засухі, якія змяняліся праліўнымі дажджамі, а месцамі нават град у разгар росту сельгаскультур самым негатыўным чынам адбіліся на ўраджаі. У гэтым годзе вага абласнога каравая склала 756 тысяч тон, тады як планавалася больш за мільён. У той жа час інтэгральны паказчык, які ўлічвае ўрадлівасць глеб і выхад збожжа на 1 бала-гектар, склаў па вобласці 90,3. Гэта другое месца ў рэспубліцы пасля Брэстчыны (91,4). Лічба кажа пра тое, што ў вельмі складаных умовах нашы аграрыі не апусцілі рукі і, працуючы літаральна на знос, унеслі свой уклад у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны.

«На гэтым фоне намалоты больш важкія ў тых, хто выкарыстоўвае дасягненні аграрнай навукі, прымяняе высокаўраджайныя гатункі культур, працуе на высокапрадукцыйнай тэхніцы, строга выконвае тэхналогіі», — адзначыў у сваім выступленні на фестывалі кіраўнік вобласці Мікалай Шарснёў.

Ён дадаў, што больш за трэць усяго ўраджаю збожжа Віцебшчыны — 287 тыс. тон — сфармавалі інтэграцыйныя структуры, якім цяпер надаецца вельмі вялікая ўвага.

«Мы ўдзячныя нашым хлебаробам, якія з гонарам рэалізавалі сваю галоўную місію: адборным збожжам новага ўраджаю ў поўным аб’ёме напоўнілі засекі дзяржавы. Віцебская вобласць першай і пакуль адзінай у рэспубліцы выканала дзяржаўны заказ у аб’ёме 102 тысячы тон збожжа. Такі ўклад у харчовую скарбонку краіны — сведчанне вернасці сялянскаму абавязку і высокай адказнасці нашых аграрыяў перад Радзімай», — сказаў М. Шарснёў.

Сёння ў аграрнай сферы Віцебшчыны ўзяты курс на інтэнсіўнае земляробства. Стратэгія развіцця ў гэтым напрамку ахоплівае мноства аспектаў: захаванне севазваротаў і тэхналагічных рэгламентаў, пашырэнне плошчаў пад зернебабовыя і алейныя культуры, забеспячэнне трывалай кармавой базы для галіны жывёлагадоўлі, рост прадукцыйнасці працы, тэхнічнае пераўзбраенне машынна-трактарнага парку, матэрыяльнае стымуляванне работнікаў, навацыі ў падрыхтоўцы кадраў.

Па добрай традыцыі лепшых работнікаў галіны ўшаноўвалі на галоўнай фестывальнай сцэне. Кіраўнікі найбольш эфектыўных гаспадарак, аграномы і механізатары, перапрацоўшчыкі і шэфы падымаліся на сцэну, каб з рук старшыні аблвыканкама атрымаць заслужаныя ўзнагароды. У глядзельнай зале тым часам не змаўкалі апладысменты — яшчэ адно пацверджанне ўдзячнасці і падзякі аграрыям за іх няпростую, але такую неабходную працу.

Браслаўшчына на форуме прагучала тройчы. Арганізатары абласных «Дажынак» адзначылі нашых землякоў Аляксандра Дзегцярова, дырэктара ААТ «Слабодка-агра», Міхаіла Смірнова, дырэктара Відзаўскага каледжа, і навучэнку гэтай жа ўстановы Таццяну Альшэўскую.

Як няцяжка здагадацца, кіраўнікі адзначаны за эфектыўную працу ў складзе інтэграцыйнай структуры і справе падрыхтоўкі сельскагаспадарчых кадраў адпаведна. Дзяўчына ж — за добрасумленную працу ў перыяд вяснова-палявых работ падчас праходжання працоўнай практыкі ў ААТ «Бярозавы край». Дадому з «Дажынак» браслаўчане павезлі падзяку старшыні аблвыканкама, а таксама новы трактар ​​і аўтамабіль, атрыманыя ў якасцi падарункаў.

Да позняга вечара працягваліся ўрачыстасці ў Верхнядзвінску. Фестываль завяршыўся, пакінуўшы каласальны след у гісторыі і знешнім абліччы горада. Завяршыўся, каб праз год зноў прагучаць — цяпер ужо ў Браславе. Да гэтага часу наш горад таксама павінен значна змяніцца і стаць адным з самых прывабных для турыстаў напрамкаў у Беларусі. ■