Жыццёвая пазіцыя не дае хандрыць і сумаваць. Гісторыі пенсіянераў, якія вядуць актыўны лад жыцця

Новости
Пенсія… Першыя асацыяцыі ў тых, хто ад яе далёка, не самыя прыемныя. Здаецца, што з выхадам на заслужаны адпачынак мы толькі і будзем сядзець дома і адчуваць сябе нікому не патрэбнымі. На самай жа справе новы этап жыцця можна зрабіць не менш цікавым, чым папярэднія гады. І гэта яскрава даказваюць браслаўчанкі. Святлана Адамовіч, Ніна Собаль, Раіса Шакель і Святлана Урлік — выдатны прыклад актыўнай жыццёвай пазіцыі ў залатым узросце.

— Зразумела, — кажа С. Адамовіч, — калі працавалі, гадавалі дзяцей, часу для асабістых захапленняў не было. Шмат у жыцці адкладвалі на потым. І менавіта пенсія дала дадатковы час на самарэалізацыю.

Сёння ў маіх суразмоўніц кожны дзень літаральна распісаны па гадзінах, бо яны актыўныя наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. А тут сапраўды можна знайсці нямала цікавых заняткаў па душы.

Так, жанчыны з задавальненнем развучваюць і спяваюць народныя песні, а рытмічны лацінаамерыканскі танец «Зумба» і энергічны пілатэс даюць ім магчымасць заўсёды быць у жыццёвым тонусе.

Сваёй пазітыўнай энергетыкай яны дзеляцца з нямоглымі сталымі людзьмі з дома-інтэрната і аддзялення кругласутачнага знаходжання ў Барунах, дзе часта выступаюць з канцэртамі.

Да таго ж Н. Собаль вышывае крыжыкам цудоўныя карціны, а С. Урлік ахвотна вяжа для родных і блізкіх прыгожыя вырабы. — Рукадзелле прыносіць нам не толькі эстэтычную асалоду, — адзначаюць майстрыхі, — але і супакойвае нервовую сістэму, бо ўсім добра вядома, што лепшы сродак ад дэпрэсіі — пачаць што-небудзь рабіць сваімі рукамі.

А вось Раіса Шакель — заядлая рыбачка. У любую пару года, нягледзячы на надвор’е, яна выпраўляецца на возера за ўловам. Тым часам жанчыны не адсунулі клопаты па гаспадарцы на апошняе месца. Прыбраць хату, зварыць смачны абед, дагледзець агарод, спарадкаваць ураджай — усё паспяваюць актыўныя і руплівыя браслаўчанкі. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.