Яны заслужылі старасць, ці Як Алёна Вільчынская ратуе коней ад адпраўкі на мясакамбінат

Актуальное Люди
З незапамятных часоў конь быў для чалавека незаменным памочнікам і сябрам. Дзякуючы сваёй грацыі і прыгажосці, а таксама вернай службе гаспадару ён трывала ўвайшоў у шматлікія легенды і міфы. Думаю, не знойдзецца чалавека, якому б не падабалася гэта велічная жывёла.

Аднак надыходзіць час, калі і моцныя коні становяцца нямоглымі і хворымі, і трэба іх адпраўляць на спачынак. Ды не ўсе могуць развітацца са сваім верным сябрам і спісаць яго з рахунку. Такіх жыццёвых прынцыпаў прытрымліваецца і браслаўчанка Алена Вільчынская.

Яшчэ ў дзяцінстве прыязджала яна ў вёску да бабулі, дзе з задавальненнем каталася на кані і даглядала яго. Пасля заканчэння другой гарадской школы дзяўчына рызыкнула паспрабаваць шчасця ў Маскве. З цягам часу там яна трывала ўладкавалася, пашырылася кола яе знаёмых. Дзякуючы гэтаму з’явілася магчымасць наведваць стайню сяброўкі, дзе маладых пародзістых коней рыхтавалі да спартыўных спаборніцтваў. Менавіта гэтым захапілася і Алена ў свой вольны час.

— Каб паміж чалавекам і канём, — дзеліцца сакрэтам жанчына, — завязалася трывалая сувязь і сяброўства, трэба старанна яго даглядаць, вывучаць звычкі, характар і ў той жа час не баяцца і прымусіць паважаць сябе.

Потым з’явілася жаданне набыць уласнага каня, каб выступаць з ім на спартыўных спаборніцтвах. Аднак падчас трэніровак жывёла пашкодзіла нагу і пра спорт давялося забыцца.

У большасці такіх выпадкаў нядобрасумленныя гаспадары збаўляюцца ад непатрэбнага скакуна. У Алены на гэта не паднялася рука. Так і стаяў паранены конь у стойле.

А пяць гадоў таму назад у А. Вільчынскай моцна занемагла бабуля, якая замяняла ёй загінулых бацькоў. Не раздумваючы, прыехала жанчына ў Булавішкі, каб даглядаць роднага чалавека. Сюды ж яна перавезла двух коней: адзін з іх яе ўласны, ды і другі — такі ж самы патрапаны жыццём небарака.

Пасля смерці бабулі Алена не думала вяртацца ў расійскі мегаполіс, дзе пражыла амаль 20 гадоў. І без шкадавання памяняла гарадскія зручныя выгоды на сельскае жыццё, каб даць магчымасць сваім гадаванцам свабодна гуляць на волі.

У хуткім часе знаёмая папрасіла жанчыну даць прыстанішча для свайго састарэлага спартыўнага каня. З гэтага і пачалося. І прытулак для непатрэбных жывёл станавіўся ўсё большы. Цяпер пад апекай яго гаспадыні дзевяць коней, якія пражылі яскравае і актыўнае жыццё. Двое некалі гарцавалі перад гледачамі ў Белдзяржцырку, на трох поні трэніраваліся маленькія наезнікі, астатнія пераадольвалі перашкоды і прыносілі сваім гаспадарам добрыя спартыўныя вынікі. Але цяпер іх слава закацілася за небасхіл, бо кожны мае фізічныя траўмы.

З болем расказвае А. Вільчынская пра няпросты лёс сваіх гадаванцаў. І пры гэтым не прамінае заўважыць, што сапраўдны чалавек ніколі не адправіць свайго сябра на мясакамбінат, а дазволіць яму дажыць да натуральнай смерці.

— Зразумела, — кажа Алена, — справа гэта даволі клопатная і вельмі затратная. Але мая шчырая любоў да жывёл не дазваляе рабіць інакш.

Для коней жанчына стварыла найлепшыя ўмовы, сама корміць іх, лечыць, калі спатрэбіцца. Таму не дзіўна, што праз некаторы час асуджаныя на гібель жывёлы становяцца прыгожымі, дагледжанымі і дажываюць тут сваю шчаслівую старасць.

Каб як-небудзь пакрываць выдаткі, А. Вільчынская трымае быка, цялушку, авечак, коз і разнастайную птушку. І з усёй гэтай вялікай фермай спраўляецца адна.

Сёння далёка не многія разумеюць такія высакародныя памкненні. А ў мяне ж пасля сустрэчы з гэтай жанчынай узнікла думка, што з яе могуць браць прыклад самыя лепшыя актывісты Грынпіса. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

1 комментарий для “Яны заслужылі старасць, ці Як Алёна Вільчынская ратуе коней ад адпраўкі на мясакамбінат

  1. Спасибо большое автору за такой чудесный рассказ. Сама с детства очень люблю коней, так вот за круговертью жизни и не знаешь, что рядом такой широкой души человек живет. Удачи Елене и низкий поклон!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *