Работнікі ўстаноў культуры Браслаўскага раёна адзначылі сваё свята на сцэне

Власть и общество
Віншаванні, узнагароды і канцэрт — работнікі культуры Браслаўшчыны адзначылі сваё прафесійнае свята.

У глядзельнай зале Браслаўскага РЦК у мінулую пятніцу сабраліся бібліятэкары, музыканты, рэжысёры, музейныя работнікі, харэографы, творчыя калектывы, удзельнікі мастацкай самадзейнасці — усе тыя, хто мае дачыненне да арганізацыі нашага вольнага часу і працуе над выстаўкамі і канцэртамі, падбірае кнігі, рыхтуе тэатральныя пастаноўкі.

Усіх прысутных вітала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Юлія Чагарына. Яна падзякавала культработнікам за шчырасць, самаадданасць і ўручыла за шматгадовую працу, высокі прафесіяналізм, актыўны ўдзел у сацыяльна значных мерапрыемствах раёна, захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцей, ініцыятыўнасць і грамадскую дзейнасць ганаровыя граматы і падзякі аддзела шэрагу супрацоўнікаў розных устаноў горада і раёна.

Граматы атрымалі таксама творчыя калектывы Браслаўскай ДШМ, Казянскага філіяла Візаўскай ДШМ, народнага фальклорнага калектыву «Вярба», Відзаўскага ДК і Далёкаўскага клуба-бібліятэкі. Асаблівая ўвага была ўдзелена маладым спецыялістам, што толькі пачынаюць свой працоўны шлях, і ветэранам працы, якія аддалі гэтай творчай прафесіі шмат гадоў.

Падчас мерапрыемства таксама ўручылі падзякі за супрацоўніцтва кіраўніцтву аддзела па адукацыі райвыканкама, УП «Браслаўгаз», РАНС і Белтэлекам, работнікі якіх найбольш актыўна прымаюць удзел у творчым жыцці Браслаўшчыны. Падтрымала святочны настрой культработнікам і раённае прадстаўніцтва грамадскага аб’яднання «Белая Русь», якое выдзеліла падарункі.

Урачыстая частка, як і належыць, працягнулася канцэртам. Прадстаўнікі розных сфер культуры падрыхтавалі міні-прэзентацыі сваёй працы і віншаванні.

Так, бібліятэкары знялі відэаролік з пажаданнямі ад браслаўчан і паставілі тэатральную мініяцюру, работнікі музея прадэманстравалі вынік шматгадовай працы — жаночы і мужчынскі касцюмы Браслаўшчыны. Педагогі і вучні Браслаўскай ДШМ і Казянскага філіяла Відзаўскай ДШМ узгадалі юбілейныя даты сваіх устаноў з дапамогай песень і танцаў, а творчы калектыў-юбіляр «Вярба» і работнікі РЦК падарылі цудоўныя музычныя нумары.

Словам, работнікі культуры адзначылі сваё свята на сцэне. А як інакш? Той, хто дорыць людзям сваю творчасць, па-іншаму не можа. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *