«Прызнанне – 2018». У Браслаўскім раёне ўзнагародзілі лепшых педагогаў

Власть и общество
Напярэдадні прафесійнага свята, у пятніцу, у актавай зале гімназіі адбылася традыцыйная цырымонія ўшанавання педагогаў раёна «Прызнанне – 2018».

Па-святочнаму апранутыя віноўнікі ўрачыстасці літаральна ўсіх узростаў — ад нядаўніх студэнтаў да паважаных пенсіянераў — сабраліся на мерапрыемства. Для маладых педагогаў гэта першае прафесійнае свята ў іх жыцці, для тых, хто сёлета пайшоў на заслужаны адпачынак, — крыху сумная падзея, але яшчэ адна нагода ўзнавіць у памяці гады, якія яны разам з вучнямі прайшлі па краіне Ведаў.

У фае ўстановы адукацыі была разгорнута выстава творчых работ супрацоўнікаў педагагічнай нівы. З захапленнем удзельнікі і госці свята разглядалі прыгожыя вырабы таленавітых настаўнікаў.

Адкрыў свята старшыня райвыканкама Аляксандр Баданін. Ён адзначыў, што дзень настаўніка са школьнай лаўкі ўспрымаецца намі як вельмі душэўнае і радаснае свята, напоўненае ўсмешкамі мудрых, добрых і любімых педагогаў. Аляксандр Іосіфавіч падкрэсліў, што ва ўстановах адукацыі раёна сканцэнтраваны вялікі інтэлектуальны патэнцыял, працуюць сапраўдныя майстры сваёй справы, людзі неабыякавыя, таленавітыя, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якія творча развіваюць і захоўваюць лепшыя традыцыі нацыянальнай адукацыі.

Пасля цёплых слоў віншавання А. Баданін уручыў намесніку дырэктара СШ № 1 Таццяне Літвінка нагрудны знак Міністэрства адукацыі «Выдатнік адукацыі», а таксама ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі намесніку дырэктара гімназіі Вользе Лукша, настаўніку фізічнай культуры і здароўя Слабодкаўскага ДССШ Баляславу Панічу, настаўніку беларускай мовы і літаратуры гімназіі Аксане Сіўко, граматы Міністэрства адукацыі атрымалі таксама настаўнікі беларускай мовы і літаратуры СШ № 1 Марына Жалубоўская, французскай мовы Слабодкаўскага ДССШ Святлана Ракіцкая і нямецкай мовы Ахрэмаўскага ДССШ Ганна Шаляпёнак, Граматай райвыканкама ўзнагароджана намеснік дырэктара гімназіі Ала Ганчарова, а Падзякай старшыні райвыканкама адзначаны намеснік дырэктара Ахрэмаўскага ДССШ Раіса Матуль і настаўнік працоўнага навучання СШ № 2 Аляксандр Сіпко.

Пасля музычнай паўзы…

…эстафету віншаванняў прадоўжыла старшыня райсавета Ніна Пучынская, якая адзначыла высокі прафесіяналізм і дасягненні педагогаў Браслаўшчыны і падзякавала ім за добрасумленную працу, ініцыятывы, поспехі ў навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення. Ніна Антонаўна ўручыла Грамату раённага Савета дэпутатаў дырэктару Опсаўскага ДССШ Святлане Курбан, а 14-ці настаўнікам — ганаровыя граматы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама.

Затым на сцэну выйшлі пераможцы ў намінацыі «Поспех у прафесіі». Граматы аддзела па адукацыі, а таксама кветкі, словы віншавання і ўдзячнасці ад начальніка аддзела Івана Абаровіча атрымаў 21 педагог.

Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Сімановіч ганаровымі граматамі і падзякамі абласнога камітэта прафсаюза адзначыла самых актыўных прафсаюзных лідараў.

Не засталіся без увагі, віншаванняў, памятных падарункаў і настаўнікі, што сёлета выйшлі на заслужаны адпачынак.

На працягу некалькіх гадзін у зале панаваў цудоўны святочны настрой, які ўвесь гэты час падтрымлівалі сваімі канцэртнымі нумарамі таленавітыя педагогі, выхаванцы ЦДіМ і вучні школ раёна. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.