Міжнародны дзень міру: браслаўскія школьнікі прадстаўлялі свае ініцыятывы і раздавалі прахожым папяровых галубоў

Власть и общество
Штогод 21 верасня большасць краін свету адзначаюць Міжнародны дзень міру, які нагадвае кожнаму з нас пра неабходнасць берагчы мірнае і спакойнае жыццё ў сваім доме, краіне і на ўсёй планеце. Цікава і весела ў гэты дзень праходзілі разнастайныя мерапрыемствы на Браслаўшчыне, спонсарам большасці з якіх з’яўляўся раённы фонд міру.
ІНІЦЫЯТЫВЫ ГІМНАЗІСТАЎ

Сёлета Міжнародны дзень міру гімназісты адзначылі ў рамках Тыдня ўстойлівага развіцця. Музыка і звонкія дзіцячыя галасы напоўнілі наваколле. Тут панавалі смех, радасная мітусня і добразычлівы настрой. Шмат разнастайных цікавых пляцовак, якія адлюстроўвалі мэты Тыдня, дзейнічалі каля ўстановы адукацыі. У экалагічнай лабараторыі дапытлівыя малыя і старэйшыя вынаходнікі збіралі з канструктара мадэлі, якія дэманстравалі розныя крыніцы энергіі.

Юныя хімікі разам з настаўнікам паказвалі жадаючым спосабы ачысткі вады ў хатніх умовах, дарылі гімназісты ўдзельнікам мерапрыемства забаўныя фігуркі з паветраных шарыкаў, тут жа з задавальненнем дзеці пускалі ў паветра мыльныя бурбалкі.

Прыхільнікі спорту атрымалі магчымасць развучыць рухі на стэп-платформах.

Супрацоўнікі РАНС праводзілі тэматычную віктарыну, а потым некаторыя жадаючыя прымяралі на сябе касцюм пажарніка. Нямала было ахвотнікаў пасядзець у міліцэйскай патрульнай машыне і націснуць кнопку сірэны. Работнікі і наведвальнікі тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва прадставілі свае творчыя работы.

Пакарыцелі экстрэмальных маршрутаў дэманстравалі спрыт у вяровачным гарадку. Тым, хто не ведаў, што рабіць са старымі рэчамі, якія шкада выкінуць, крэатыўныя гімназісты падказвалі карысныя ідэі.

Зазірнулі на свята педагогі і навучэнцы каледжа, якія таксама актыўна прасоўваюць ідэі ўстойлівага развіцця ў сваёй мясцовасці.

А якое ж свята без вясёлых песень, завадных танцаў і прыгожай музыкі! Цікавы канцэрт усім прысутным, якіх сабралася даволі многа, паказалі юныя артысты гімназіі і выхаванцы цэнтра дзяцей і моладзі.

ГАЛУБЫ МІРУ

Сонечнай раніцай вучні першай гарадской школы з белымі папяровымі галубамі выйшлі на ўрачыстую лінейку. Пасля падняцця дзяржаўнага сцяга дырэктар Тамара Стома павіншавала ўсіх са святам, а таксама адзначыла, што дзякуючы самаахвярнасці нашых дзядоў і бацькоў падчас Вялікай Айчыннай вайны ўжо амаль 75 гадоў мы жывём пад ясным блакітным небам і з упэўненасцю ў заўтрашнім дні.

Што значыць спакойна спаць і не ўздрыгваць ад стрэлаў і выбухаў, лепш за ўсіх ведае той, каму давялося прайсці трывожнымі сцежкамі вайны. Таму словы пра значнасць мірнага шчаслівага жыцця былога афганца, старшыні РГА «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Леаніда Мікшты асабліва кранулі сэрца.

Затым старшакласнікі ўпрыгожылі сваімі галубамі макет нашай планеты. На перапынках вучні сярэдніх класаў малявалі на асфальце малюнкі, якія адлюстроўвалі радасць дзяцінства. А пасля ўрокаў школьнікі выйшлі на вуліцы горада, каб раздаць прахожым галубоў і павіншаваць іх са святам. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.