Лепей працуеш — болей атрымаеш. Як у «Маяку» пабудавана сістэма заахвочвання механізатараў

Экономика и финансы
Думаю, не трэба даказваць і доўга тлумачыць, што СВК «Маяк Браслаўскі» — адна з мацнейшых гаспадарак у раёне. Пра гэта кажуць і лічбы штодзённай сельскагаспадарчай зводкі. Маякоўцы заўсёды лепшыя па колькасці надояў малака, яго якасці, першыя заканчваюць сяўбу і ўборку ўраджая, больш за ўсіх рыхтуюць кармоў і, як вынік, маюць большы прыбытак.

У «Маяку» ніколі не пачуеш ад кіраўніка гаспадаркі Рамуальда Шукяля ці спецыялістаў нараканняў у адрас механізатараў, жывёлаводаў і іншых работнікаў. Тут няма гаворкі пра п’янства і парушэнне дысцыпліны.

Юрый Ядзяла — адзін з тых, хто кожны год вылучаецца сваёй працавітасцю. Пацверджаннем гэтаму служаць першыя радкі на дошцы лідараў. На раніцу панядзелка, напрыклад, ён узараў 1 019 умоўных эталонных гектараў глебы і стаў на той дзень другім у раёне.

Сам Юрый расказвае, што ў гаспадарцы шмат механізатараў, якія працуюць з энтузіязмам і імкнуцца быць лепшымі. Гледзячы на іх, падцягваюцца і астатнія. Тым больш што ў «Маяку» правільна арганізавана сістэма заахвочвання і пакарання работнікаў. Кожны ведае: чым лепш працуеш, тым больш атрымаеш, а за правіннасць кіраўніцтва па галаве не пагладзіць. Ды і не хочацца нікому быць у апошніх радах. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.