І дождж не перашкода. Як у Браславе прайшоў восеньскі суботнік

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Кастрычніцкі вецер урэшце пазрываў з галінак дрэў амаль усю лістоту, і браслаўчане выйшлі на суботнік, каб перад марознай сцюжай і снегападамі навесці парадак у людных месцах.

Акрамя догляду ўласных тэрыторый арганізацый і прадпрыемстваў, брыгада работнікаў КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік» падраздзялення па добраўпарадкаванні працавала ў райцэнтры на чатырох участках. Спецыялізаваныя работнікі прадпрыемства каля «бальнічнага» дома займаліся валкай дрэў, пашкоджаных караедам.

Спецыялісты лясной гаспадаркі нацыянальнага парка загадзя ў акрузе цэнтральнай бальніцы абазначылі зялёнымі крыжамі каля 70 хворых сосен для знішчэння. Пасохлыя дрэвы спілоўваюць, абрэзаныя сукі вывозяць за горад і спальваюць, а годныя ствалы пасля апрацоўкі ідуць на піламатэрыялы. Заражаныя караедам дрэвы выяўлены таксама каля адміністрацыйнага будынка «Браслаў-камунальніка», у мікрараёне турбазы. Відаць, гэтая зараза для флоры распаўсюджваецца хутка.

Другая група камунальнікаў поплеч з педагогамі гімназіі прыбірала гарадскі парк, трэцяя — наводзіла парадак на вялікіх клумбах. А каля пляжа на возеры Бярэжжа мужчыны працягвалі азеляненне: на «голым» участку ўкапвалі ў зямлю саджанцы бярозак і клёнаў.

Дробны дождж, які імгліў амаль цэлы дзень, не сапсаваў настрой людзей, занятых на грамадскіх работах: бачачы падыходзячага карэспандэнта газеты з фотакамерай, усе шуткавалі і лагодна ўсміхаліся. ■

Тэкст і фота Казіміра ПЯТУШКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *