Васьмікласнік Друйскай школы Раман Жукоўскі — прызёр рэспубліканскага паэтычнага конкурсу

Люди
Што можа быць даражэй за мірнае неба над галавой і шчасце жыць з роднымі на свабоднай Радзіме?! Так разважае ў сваім вершы васьмікласнік Друйскай школы Раман Жукоўскі.

Свой лірычны твор ён напісаў для рэспубліканскага паэтычнага конкурсу «Шчасце жыць у мірнай краіне», які праводзіў Беларускі фонд міру сумесна з міністэрствамі адукацыі, культуры і інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Напярэдадні Міжнароднага дня міру ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўзнагароджаны пераможцы, у лік якіх трапіў і браслаўчанін.

— Паўдзельнічаць у конкурсе мне прапанавала мая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Ліпская, — кажа Раман. — Яна ж дапамагла адшліфаваць рыфму і форму верша. Пісаў тое, што было на душы. Крыху хваляваўся, ці атрымаецца, але мяне яшчэ падтрымлівала маці. С. Ліпская ж вызначае хлопца як стараннага і эрудзіраванага вучня, якому падабаецца спрабаваць сябе ў творчай дзейнасці. А мэтанакіраванасць заўсёды дазваляе яму спраўляцца з пастаўленымі задачамі.

Так яно і выйшла. Творчасць юнака ацанілі не толькі на раённым, але і на рэспубліканскім узроўні. Дарэчы, у зборнік «Дзеці за мір», які прэзентавалі ў Мінску падчас урачыстасці, увайшоў і верш Рамана Жукоўскага. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *