Браслаўскія майстры паведалі гісторыю і традыцыі стварэння саламяных капелюшоў

В свободное время Год малой родины
Чым хутчэй развіваецца сучасная прамысловасць, тым больш унікальнымі і запатрабаванымі становяцца вырабы ручной працы, якія захавалі спрадвечныя тэхналогіі нашых продкаў. Адным з традыцыйных рамёстваў на Браслаўшчыне з’яўляецца пляценне з саломкі.

Складана сказаць, калі ўпершыню ў нас паспрабавалі такое рамяство. Магчыма, гэта адбылося яшчэ ў дагістарычны перыяд, калі мясцовае насельніцтва займалася збіральніцтвам і паляваннем, ці ў неалітычны перыяд, калі пачало развівацца земляробства і людзі спрабавалі выплятаць патрэбныя ў гаспадарцы рэчы: кублы, шыяны, севалкі, гарнцы.

Адначасова з саламяным посудам практычна да нашых дзён захавалася папулярнасць плеценага капелюша. З гістарычных крыніц вядома, што яшчэ ў 11 стагоддзі сярод летніх галаўных убораў саксонскай арміі былі саламяныя капелюшы. Таксама гэты ўбор быў папулярны сярод пілігрымаў. Сяляне насілі плеценыя з грубай саломкі капелюшы, а арыстакратычныя дамы — шляпкі з ювелірна выплеценых саламяных карунак.

Сакрэты майстэрства выплятання саламяных стужак і сшывання іх у цэльны выраб захаваліся на Браслаўшчыне і да нашых дзён. З архіўных матэрыялаў вядома, што ў 1912 годзе ў Дрысвяцкай школе народных промыслаў існавала секцыя па пляценні саламяных капелюшоў з саломкі. Лепшыя вырабы прымалі ўдзел у выставах хатніх промыслаў у Вільні, дзе атрымалі дыплом на вялікі сярэбраны медаль. З пачаткам Першай сусветнай вайны ўся праца была прыпынена, але мясцовае насельніцтва працягвала пляценне саламяных капелюшоў для сваіх патрэб. Аднак мода зменлівая: пачынаючы з 1950-х гадоў, яны пачалі страчваць сваю папулярнасць. З вынаходніцтвам новых сінтэтычных матэрыялаў і машыннай апрацоўкі ручная вытворчасць стала паступова забывацца.

Традыцыя пляцення, якая была вядома паўсюдна, захавалася з дапамогай некалькіх майстроў, якія жылі ў вёсцы Слабодка Браслаўскага раёна: Пятра Карэніка, Міхаіла Чэркаса, Івана Трашчынскага. У 70 — 80-я гады гэта былі адзіныя майстры, якія працавалі па заказах аднавяскоўцаў, турыстаў і беларускіх музычных калектываў. У 1991 годзе быў створаны браслаўскі Дом рамёстваў, пры якім пачала працаваць секцыя саломапляцення і з’явіліся новыя майстры, што працягваюць традыцыю пляцення саламяных капелюшоў. Сёння ў гэтым накірунку працуюць Марыя Шлабун, Вера Шыкалава, Святлана Навумёнак. Тым не менш супрацоўнікі музея заўсёды рады дапагчы авалодаць традыцыйнымі рамёствамі ўсім жадаючым. Запрашаем далучыцца да нас на гуртках па саломапляценні і разьбе па дрэве. Разам мы зможам захаваць лепшыя здабыткі продкаў для нашых нашчадкаў. ■

Элеанора ЗІНКЕВІЧ, загадчык МТК.

Фота Алены НАБЕЕВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *