Як у яслях-садзе № 2 г. Браслава агульнымі намаганнямі адміністрацыі і бацькоў паляпшаюцца ўмовы выхавання

Строительство. ЖКХ. Благоустройство
Дашкольнае дзяцінства — важны перыяд у жыцці маленькага чалавека, бо ў гэты час фарміруецца яго здароўе і развіваецца асоба. Асноўнымі ж праваднікамі дзіцяці ў пазнанні навакольнага свету з’яўляюцца бацькі і выхавальнікі. І вельмі важна, каб паміж сям’ёй і дзіцячым садам было ўзаемапаразуменне. Менавіта таму адміністрацыя і педагагічныя калектывы дашкольных устаноў раёна надаюць асаблівае значэнне рабоце з бацькамі сваіх выхаванцаў.

Разнастайныя формы сумеснага выхавання дашкалят практыкуюцца ў яслях-садзе № 2 г. Браслава. Гэта тэматычныя сходы, цікавыя сустрэчы, ранішнікі, спартландыі, тэатралізаваныя прадстаўленні, кансультацыі, сумесныя выстаўкі. Не менш важная і зваротная сувязь, калі бацькі выступаюць ініцыятарамі стварэння лепшых умоў для сваіх дзяцей.

Як паведаміла загадчык гэтай установы адукацыі Марына Савіцкая, дзякуючы супрацоўнікам, апякунскаму савету і намаганням неабыякавых тат і маці ў памяшканні старэйшай групы № 1 зроблены прыгожы касметычны рамонт: столь і сцены пафарбаваны ў светлыя колеры, на падлозе пасцелены лінолеум, гульнявая зона размалявана вясёлай карцінай.

Акрамя гэтага, на вулічнай гульнявой пляцоўцы з’явілася зручная і бяспечная пластыкавая горка.

Без сумнення, дзецям вельмі падабаюцца такія перамены, да таго ў іх ёсць падстава ганарыцца сваімі роднымі. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.