Малая радзіма ў мініяцюры. Створаныя браслаўчанамі макеты будуць удзельнічаць у абласным конкурсе

Дажынкі-2019 Отдых
Віцебская абласная арганізацыя Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» у пачатку чэрвеня аб’явіла конкурс «Спадчына малой радзімы. Віцебшчына ў мініяцюры», які праводзіцца ў рамках святкавання васьмідзесяцігоддзя ўтварэння Віцебскай вобласці.

Удзел у ім могуць прымаць усе ўстановы адукацыі. Па ўмовах конкурса ўдзельнікам трэба выканаць макеты архітэктурных аб’ектаў сваёй малой радзімы.

Ад браслаўскіх устаноў адукацыі работы на конкурс прадставяць педагогі СШ № 2 і ЦДіМ. Так, настаўнікі абслуговай працы і працоўнага навучання другой гарадской школы Ала Пучынская і Аляксандр Сіпко разам з маці вучняў Таццянай Маслоўскай стварылі макет касцёла Нараджэння Божай Маці, педагогі з установы дадатковага навучання Мікалай Дзянісаў выканаў у мініяцюры Пакроўскую царкву, што ў в. Богіна, а Міхаіл Ставіцкі — царкву Дабравешчання з агр. Друя.

Работа творчай групы СШ № 2 будзе выстаўлена на адной з пляцовак у Верхнядзвінску падчас абласных «Дажынак – 2018», а ўжо потым усе кампазіцыі адправяцца ў Віцебск пакараць сэрцы журы конкурса.

Пажадаем нашым таленавітым педагогам прызнання і перамогі. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.