Кранаўшчык Уладзімір Высоцкі: «Вельмі важна быць адным цэлым з машынай»

Люди
Сёння немагчыма ўявіць сабе маштабнае будаўніцтва без вялізных грузапад’ёмных машын. Урэшце, як і без вадзіцеляў такой тэхнікі. Прафесія гэта складаная і адказная. Таму выпадковых людзей тут няма. Аднак той, хто выбірае яе свядома, ніколі не шкадуе пра прынятае рашэнне. Адзін з такіх адданых сваёй спецыяльнасці — Уладзімір Высоцкі з ПМК-42.

Азы прафесіі машыніста вежавага крана ён вывучаў у Віцебскім вучылішчы. Трэба адзначыць, што патрабаванні да будучых спецыялістаў вельмі строгія. Значную ўвагу пры прыёме на вучобу надаюць здароўю і фізічнай трываласці прэтэндэнтаў. Акрамя гэтага, трэба мець добры вестыбулярны апарат, спакойны, раўнаважлівы характар.

Свае прафесійныя навыкі Уладзімір удасканальваў падчас службы ў арміі на Байкануры. На гэтым сакрэтным аб’екце ваеннаслужачы У. Высоцкі абслугоўваў вежы з касмічнымі караблямі. Працаваць прыходзілася на вышыні да 145 метраў. Адзін пуск у касмічныя прасторы давялося яму ўбачыць на свае вочы. А найлепшай памяццю пра армейскую маладосць засталіся аўтографы касманаўтаў А. Лявонава, А. Елісеева і У. Шаталава ў ваенным білеце.

На працягу жыцця мужчыне давялося працаваць у розных арганізацыях. А апошніх 15 гадоў ён нязменна кіруе аўтакранам «МАЗ» у ПМК-42. Машына Уладзіміру дасталася ў даволі патрыманым стане. Але дзякуючы клапатлівым і ўмелым рукам вадзіцеля яна ніколі не падводзіць, бо ўсе дэталі і вузлы перабірае сам.

— Вельмі важна, — кажа У. Высоцкі, — адчуваць габарыты крана і быць адным цэлым з машынай. А гэта магчыма толькі пры поўнай яе спраўнасці.

У машыніста аўтакрана, адзначае суразмоўца, павінна быць выдатная рэакцыя, ураўнаважлівасць і вытрымка. Ён можа жартаваць з рабочымі, усміхацца, але да таго часу, пакуль не сеў за пульт упраўлення. І тут мозг хутка аналізуе сітуацыю не горш, чым электронныя прыборы. Ведаючы падрабязную грузавысотную характарыстыку свайго крана, спецыяліст беспамылкова вызначыць, на якой адлегласці ад катлавана павінна стаяць машына, як лепш перанесці 25-тонны блок на паверх дома. Зоркае вока ў момант прыкіне і вагу груза, і вышыню пад’ёму, і манеўранасць на пляцоўцы.

Але самае галоўнае — гэта бяспека рабочых на будаўніцтве.

— У кожнай прафесіі ёсць свае нюансы, — упэўнены Уладзімір. — Але калі ў чалавека не ляжыць да яе душа, то яго нічога не задаволіць. Калі ж работа падабаецца, то і цяжкасці лёгка пераадолець. Галоўнае — любіць тую справу, якой займаешся.

За гады добрасумленнай працы адказны У. Высоцкі заваяваў павагу ў калектыве. Словы ўдзячнасці ў адрас свайго работніка выказвае і адміністрацыя будаўнічай арганізацыі. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.