Работа юнай даследчыцы Вольгі Януль адзначана дыпломам на міжнароднай канферэнцыі

Люди
Пачуццё малой радзімы з’яўляецца ў дзяцінстве з народнай казкі, першай школьнай гутаркі пра наваколле, цікавых урокаў гісторыі, вандровак па родных мясцінах.

Краязнаўствам Вольга Януль, вучаніца Опсаўскага ДССШ, зацікавілася ў сярэдніх класах. Пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі Віктара Бунты яна ахвотна вывучала гістарычныя звесткі і падзеі Браслаўшчыны, разам з іншымі школьнікамі хадзіла ў вандроўкі па мясцовых сцяжынках. Свае цікавыя адкрыцці настаўнік і вучаніца штогод прэзентавалі на школьных навукова-практычных канферэнцыях.

А вясной гэтага года плённы тандэм прадставіў сваю работу пра спаленую в. Лабэцкія на міжнароднай канферэнцыі «Вялікая Айчынная вайна ў гістарычнай памяці народа» ў Мінску. Журы высока ацаніла краязнаўчую дзейнасць браслаўчан і адзначыла працу дыпломам ІІІ ступені.

Кола інтарэсаў Вольгі даволі шырокае, бо дзяўчына паспявае не толькі добра вучыцца, але яшчэ іграе на гітары і спявае, удзельнічае ва ўсіх школьных мерапрыемствах ды яшчэ дапамагае бацькам па гаспадарцы.

— Галоўнае, — кажа Вольга, — правільна распланаваць свой час, і тады ўсюды паспееш.

Краязнаўчая прыхільнасць В. Януль не засталася па-за ўвагай райкама РА БРСМ, які накіраваў яе летам у «Зубраня».

З бляскам у вачах расказвала школьніца пра лагер, дзе правяла дзевяць дзён падчас рэспубліканскага лідар-форума:

— Там былі дзеці не толькі з усёй Беларусі, а і з Сірыі, пазней прыехалі з Японіі. Кожны дзень быў насычаны разнастайнымі цікавымі мерапрыемствамі. Вечарам вакол вогнішча мы дзяліліся сваімі ўражаннямі. Нават не было часу ды і жадання «сядзець» у тэлефоне. Паспрабавала сябе ў самых розных накірунках дзейнасці і знайшла шмат новых сяброў.

Акрамя станоўчых уражанняў, за гэтыя дзевяць дзён дзяўчына атрымала новыя арыенціры ў будучыню, адкрыла ў сябе новыя магчымасці. Гэта ёй вельмі дарэчы, бо наперадзе ў адзінаццацікласніцы адказны крок у самастойнае жыццё. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.