Вольга Лакотка стварае літаратурны густ наведвальнікаў бібліятэкі

Люди
Аддзел камплектавання, апрацоўкі і арганізацыі адзінага фонду ЦБС можна без перавелічэння параўнаць з сэрцам, ад якога да кожнага органа — бібліятэкі — бесперабойна рухаецца паток энергіі: свежыя кнігі, часопісы, брашуры і электроныя носьбіты інфармацыі, якія забяспечваюць паўнавартасную работу ўсёй бібліятэчнай сістэмы.

Амаль чатыры гады гэтым аддзелам кіруе Вольга Лакотка. Разам з яго супрацоўнікамі яна вывучае якасць фонду бібліятэк раёна, праводзіць маніторынг запатрабаваных кніг, камплектуе новыя паступленні літаратуры. Ад Вольгі і яе калектыву залежыць, якія кнігі ўбачаць чытачы на паліцах бібліятэк раёна. Таму з упэўненасцю можна сказаць: В. Лакотка са сваімі калегамі стварае і карэкціруе літаратурны густ жыхароў Браслаўшчыны.

— Чытаць люблю з дзяцінства, — кажа Вольга. — З цікавасцю і захапленнем брала чарговую кнігу ў бібліятэцы, каб адправіцца з галоўнымі героямі ў новы свет. Падабалася і таямнічая атмасфера храма кніг.

Таму пасля заканчэння школы шлях дзяўчыны ляжаў у Мінскі інстытут культуры на факультэт бібліятэчнай справы. І ўжо больш за 30 гадоў Вольга працуе ў аддзеле камплектавання ЦБС. Работа гэта адказная і скрупулёзная, бо звязана з фінансамі і справаздачнасцю. Але, як заўважыла мая суразмоўніца, ніколі не пашкадавала, што ступіла на гэтую прафесійную сцяжынку, бо работа з кнігамі, зносіны з людзьмі ёй па душы.

Мастацкі густ і творчасць — асноўныя складальнікі, якія непарыўна датычацца бібліятэчнай справы. Гэтыя якасці адносяцца і да В. Лакотка. Таленавітая і крэатыўная жанчына на працягу жыцця захапляецца разнастайным рукадзеллем: навучылася вязанню, асвоіла пляценне з саломкі, атрымала азы ткацтва, потым захапілася складаннем вялікіх карцін з пазлаў.

Пазней яна асвоіла мудрагелістыя і незвычайныя мастацкія тэхнікі: артышок, канзашы, пэчварк без іголкі, світдызайн. Адны гэтыя назвы выклікаюць здзіўленне. Работы майстрыхі зачароўваюць сваёй вытанчанасцю, хараством і акуратнасцю. Шыкоўныя кветкавыя кампазіцыі, незвычайныя вееры, цудоўныя дрэўцы прыцягваюць увагу нават самага патрабавальнага гледача. З пачуццём густу і прыгожага падабрана кожная дэталь, колер і матэрыял у яе вырабах.

Столькі любові і пяшчоты ўкладзена ў любімую работу і захапленні, што адразу ўзгадваеш вядомыя словы: прыгажосць выратуе свет. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.