Цэлымі сем’ямі, прыгожа апранутыя і выключна ў добрым настроі. Свята вёскі ў Опсе сабрала землякоў

Главное Год малой родины
Свята аграгарадка адзначылі ў Опсе ў нядзелю. З аднаго боку, яно атрымалася дамашнім і ўтульным, з другога — маштабным і разнастайным. Вядома ж, па сельскіх мерках. Словам, пра ўсё па парадку.

На мерапрыемства вяскоўцы ішлі як на сапраўднае свята: цэлымі сем’ямі, прыгожа апранутымі і выключна ў добрым настроі. На пляцоўцы, што на выездзе з аграгарадка ў бок Відзаў і якая, дарэчы, зусім нядаўна пуставала, разгарнуліся выставы работ мясцовых майстроў, дзіцячыя атракцыёны. Тут жа гаспадыні частавалі ўсіх жадаючых хатнімі прысмакамі, ад палявой кухні пагранічнікаў апетытна пахла свежазваранай кашай, а каля стэндаў побач ішло актыўнае абмеркаванне здымкаў лепшых у плане добраўпарадкавання падвор’яў.

Цэнтрам жа прыцягнення ўвагі была новая дзіцячая пляцоўка на тэматыку бяспекі жыццядзейнасці, закупленая ў рамках міжнароднага праекта і ўстаноўленая агульнымі намаганнямі сельвыканкама, «Маяка», РАНС, мясцовай школы і іншых. З яе ўрачыстага адкрыцця і пачаліся святочныя мерапрыемствы. Чырвоную стужку пад апладысменты прысутных перарэзалі першы намеснік старшыні райвыканкама Максім Чагарын, старшыня Опсаўскага сельсавета Ала Даніліна, намеснік начальніка Браслаўскага РАНС Сяргей Федарэнка, дарэчы, ідэйны натхняльнік праекта, старшыня СВК «Маяк Браслаўскі» Рамуальд Шукель і дырэктар Опсаўскага сада-школы Святлана Курбан. Некалькі прывітальных слоў, афіцыйныя выступленні — і, што называецца, панеслася…

Пакуль старэйшыя глядзелі канцэртныя нумары, дзеці асвойвалі сучасныя горкі і арэлі, выкананыя ў стылі «101», а іх бацькі з задавальненнем частаваліся юшкай, салдацкай пярлоўкай і чаем. На гэтым фоне праходзілі конкурсы і эстафеты, а вядучыя запрашалі на імправізаваную сцэну традыцыйных герояў свята: сёлетніх юбіляраў, пары, што шмат гадоў разам, самага малога жыхара Опсы, лепшых гаспадароў і г. д.

Народныя песні змяняліся папулярнымі кампазіцыямі, гледачы прытанцоўвалі, маладыя мамы рабілі сэлфі са сваімі дзеткамі, а вадзіцелі машын, што праязджалі міма, нават сігналілі, чым дадавалі мерапрыемству асаблівага святочнага каларыту. Словам, арганізатарам удалося не толькі парадаваць мясцовых жыхароў, але і здзівіць іх: дзень аграгарадка ў Опсе атрымаўся насычаным, яскравым і вельмі карысным, бо юныя мясцовыя жыхары цяпер могуць вучыцца бяспецы гуляючы. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ.

Фота аўтара.