Дакументацыя Браслаўскага РАСК ў надзейных руках Анатолія Хадоркі

Люди
Вядзенне і афармленне дакументацыі ў арганізацыі ці на прадпрыемстве заўсёды патрабуе ад спецыяліста граматнасці, уважлівасці і скрупулёзнасці. Таму на пасаду па справаводстве прымаюць адказных і кампетэнтных работнікаў. Менавіта такімі якасцямі валодае і інспектар па дакументальным забеспячэнні і справаводстве РАСК Анатолій Хадорка.

Гэта цяпер мужчына займаецца дакументацыяй, але за плячыма ў яго значны стаж аператыўнай службы ў праваахоўных органах, куды ён прыйшоў свядома пасля дэмабілізацыі з арміі.

Спачатку Анатолій быў інспектарам-кінолагам у крымінальным вышуку. У хуткім часе паступіў у Акадэмію міліцыі, што дало магчымасць стаць следчым у аддзеле папярэдняга расследавання.

За гады службы А. Хадорку даводзілася разматваць клубкі розных крымінальных спраў. І, як заўважыў субяседнік, кожная з іх — гэта роздум, сумненні, пошукі ісціны.

— Не бывае аднолькавых спраў, — сцвярджае Анатолій Міхайлавіч, — як не бывае аднолькавых людзей. Таму заўсёды, паступаючы па законе, уважліва адносіўся як да пацярпелых, так і да віноўніка.

Праз пэўны час А. Хадорка перавёўся ў дзяжурную часць РАУС. З гэтай пасады пайшоў на пенсію па выслузе гадоў.

А тры гады таму назад яго запрасілі ў РАСК.

— Зразумела, дакументацыі паступае нямала, — кажа мужчына, — яе трэба своечасова зарэгістраваць, накіраваць у структурныя падраздзяленні, перадаць на выкананне і так далей. Але работа прыносіць мне задавальненне, да таго ў нас дружны, згуртаваны калектыў, у якім камфортна і прыемна працаваць. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.