«Рака надзеі»прынесла перамогу творчай групе з браслаўскай СШ №2

Новости
Штогод на вуліцах Браслава з’яўляюцца новыя крэатыўныя кампазіцыі, якія робяць наш горад прыгажэйшым і радуюць сваім выглядам прахожых.

Так, мінулай вясной каля СШ № 2 ветразі разгарнулі дзівосныя караблікі, якія плывуць па кветкавай рацэ. Гэта прыгажосць — увасабленне ідэй настаўніка працоўнага навучання Аляксандра Сіпко, кіраўніка аб’яднання па інтарэсах экалагічнага накірунку Тэрэсы Міцкевіч і школьнікаў Яны Піртань, Уладзіміра Сіпко і Маргарыты Пяткун.

Трэба адзначыць, гэта ўжо не першая кампазіцыя, якая ўпрыгожвае куток. Многія памятаюць на гэтым месцы рознакаляровыя цюльпаны і стракатыя кветнікі.

Свае ініцыятывы педагогі і вучні не адзін раз прадстаўлялі на рэспубліканскіх экалагічных конкурсах па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі свайго горада. Умелае спалучэнне творчасці і працаздольнасці неаднаразова прыносіла творчай групе перамогу.

Вось і праект «Рака надзеі» адзначаны дыпломам ІІ ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Як расказала Т. Міцкевіч, конкурс складаўся з чатырох этапаў, якія браслаўчане ўдала прайшлі. І творчую групу запрасілі ў Мінскі рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, дзе прайшло ўзнагароджанне. Дарэчы, браслаўчане былі адзінымі ўдзельнікамі з усёй Віцебскай вобласці. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.